Раніца пятніцы, рынак «Паўднёвы» на ўскраіне Гродна. У гэты дзень, як і ў аўторак, ён працуе з гуртовымі купцамі. На стаянцы аўто з усёй Беларусі, трапляюцца расійскія нумары. Яшчэ не развіднела, але гандляры не заседжваюцца ў цёплых машынах. З торбамі і трывалымі пакетамі яны подбегам кіруюцца па тавар — прапанова абмежаваная, трэба паспець абысці канкурэнтаў.

Немалую колькасць наведнікаў рынку складаюць простыя пакупнікі, многія з якіх прыязджаюць сюды з Мінска арганізаванымі групамі на аўтобусах.

Я прыехаў на рынак па зімовую вопратку і абутак. У чэргах да боксаў з таварам пачуў, чым жывуць сённяшнія гандляры, па якія тавары сюды едуць са сталіцы.

«Дажыліся — саляра даражэйшая за бензін!»

Галоўная навіна раніцы — новыя цэны на паліва. Выглядае, што большасць гандляроў змірылася з самім фактам паэтапнага і няўхільнага росту цэнаў. Як апраўданне гучыць аргумент, што паліва і не можа быць танней, чым у Расіі. А на пытанні, чаму дызельнае паліва стала даражэй, знаходзяцца тлумачэнні пра папулярнасць аўто з дызельным рухавіком. Актуальнасць праблемы дарагога паліва выяўляецца не толькі ў размовах. Многія з рэгіянальных гандляроў пачалі ездзіць на рынак у складчыну. Збіраюць невялікую групу і сядаюць да таго, у каго машына большая, грошы за паліва дзеляць.

Валютчыкі ізноў на кані

Валюта па пашпарце — яшчэ адна гарачая тэма. І мясцовыя, і прыезджыя гандляры скардзяцца, што нядоўга цешыліся з вяртання валюты ў абменнікі. «Напрыканцы месяца па касавым апараце ў мяне праходзіць у разы меншая сума, чым я мушу набываць у банку. Цяпер, калі мае дадзеныя рэгулярна фіксуюцца, я не магу быць упэўненым, што падатковая рана ці позна не зацікавіцца такім несупадзеннем», — дзеліцца трывогамі гандляр з Брэстчыны. Іншы кажа, што і не думаў выдаляць з тэлефона нумары знаёмых валютчыкаў.

Цэны на тавар гандляры называюць у рублях і абавязкова дублююць у валюце. Курс даляра тут, як правіла, акругляецца. Калі найлепшы курс у банках будзе складаць, напрыклад, 8850 рублёў, то на рынку ён будзе 8900.

Візы і чэргі

«А дзе Галя знікла, другі тыдзень няма?» — пытае жанчына з абветраным тварам у гандлярак зімовымі пухавікамі. «У чарзе па візу. Тавар у яе скончыўся месяц таму, а візу ніяк не зробіць».

Праз некалькі боксаў сабралася чарга па жаночую бялізну — гаспадыня кропкі захрасла ў чарзе на мяжы.

Візы і чэргі, а таксама абмежаванне на перасячэнне мяжы на аўто раз на пяць дзён не менш за праблемы з валютай ускладняюць жыццё прадпрымальнікам. І калі з абмежаваннямі з боку сваіх улад людзі ўжо амаль звыкліся, то ад палякаў праблемаў з візамі яўна не чакалі.

Купляйце польскае!

Не сакрэт, што многія едуць на гродзенскі рынак па якасны і танны польскі абутак. Ад лета колькасць кропак, што ім гандлюе, вырасла ці не ўдвая. Выбар тут амаль такі ж, як у крамах польскага абутку ў Мінску, а вось цэны істотна меншыя. У «Сталіцы», напрыклад, можна адшукаць летні абутак да 600 тысяч рублёў. За тыя самыя грошы на «Паўднёвым» можна купіць пару добрага зімовага абутку. Тутэйшыя гандляры падахвочваюць: набывайце ў запас, пакуль не падвысілі акцызы на замежны абутак.

Канкурэнцыю польскаму абутку складае танны шырспажыў. Калі год-два таму «кітайскім» абуткам гандлявалі адзінкі, то цяпер тут з’яўляюцца цэлыя развалы вырабаў са «скуры маладога дэрмаціну».

Акрамя абутку, на «Паўднёвым» прадаюць польскую побытавую хімію, ёсць тут салоны лямпаў ды іншае.

Назад у 90-я

Каля кропкі з цёплымі курткамі пачуў размову гандляроў пра хуткія ўжо халады. «Кажуць, зіма будзе халодная». — «Ды не, палохаюць людзей, каб скуплялі цёплыя рэчы ды пра іншыя праблемы не думалі». А побач вісяць пухавікі ад мільёна і вышэй. На адным цана — 1 250 000 рублёў. Па такой жа цане напрыканцы 90-х я набыў свой першы пухавік. Да дэнамінацыі ўсё вяртаецца на свае колы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?