Кошт будаўніцтва аднаго квадратнага метра ў панэльных дамах для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, складзе ў Мінску да канца 2012 года Br4,5–5 млн. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

Мэр сталіцы адзначыў, што на 2012 год фарміруюцца планы па будаўніцтву жылля ў аб’ёме каля 1 млн.кв.м, у тым ліку ад 500 тыс.кв.м — для льготнага крэдытавання чаргавікоў. На бліжэйшыя два гады прынцыповага зніжэння аб’ёмаў будаўніцтва жылля ў Мінску не будзе. «Зніжэнне будзе, але не маштабнае», — заўважыў мінскі кіраўнік мэрыі.

Цяпер дадатковыя сродкі плануецца выдзеліць на развіццё інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў мікрараёне Каменная горка, пачнецца фінансаванне інфраструктуры ў Міхалова-2. У Лошыцы яшчэ можна пабудаваць 600 тыс.кв.м жылля.

Гарвыканкам у бліжэйшы час прыме рашэнне адносна чаргавікоў, якія ўжо заключылі дагаворы будаўніцтва, крэдытавання і ўступілі ў жыллёвыя будаўніча-вытворчыя кааператывы (ЖБВК). У прыватнасці, плануецца вызначыць пералік ЖБВК, якія будуць дафінансаваны за кошт ільготнага крэдытавання.

Гаворачы аб функцыянаванні будаўнічай сферы ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі, старшыня Мінгарвыканкама адзначыў: «Нягледзячы на складанасці фінансавання, былі часовыя спыненні (будаўніцтва), але прынцыпова падрадныя арганізацыі не спыняліся. Работа на аб’ектах вялася і будзе весціся. Для МАПІДа аб’ёмы будаўніцтва жылля распісаны на два гады», — падкрэсліў мэр сталіцы.

Прынцыпова не змянілася і колькасць работнікаў галіны. «З 56 тыс. будаўнікоў сёння ў будаўнічай сферы 53 тыс. чалавек. Будаўнікі працуюць. У гэтым годзе былі перабоі не столькі з грашыма, колькі з цэментам і шчэбенем», — канстатаваў Мікалай Ладуцька і дадаў, што ў 2012 годзе ў рэспубліцы будуць уведзены новыя магутнасці па вытворчасці гэтых будматэрыялаў, якія забяспечаць унутраны попыт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?