У Лівіі на мяжы з Нігерам пры невядомых абставінах затрыманы сын Муамара Кадафі Сейф аль-Іслам. Пасля смерці бацькі ён хаваўся і абяцаў змагацца за сваю краіну да канца. Прадстаўнікі новай лівійскай улады абяцаюць, што

працэс над ім будзе праходзіць у адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі і ў кантакце з Гаагскім міжнародным судом, які вінаваціць Сейфа аль-Іслама ў злачынствах супраць чалавецтва.

* * *

Па інфармацыі прадстаўнікоў Нацыянальнай пераходнай рады Лівіі, Сейф аль-Іслам з двума ахоўнікамі спрабаваў перайсці мяжу, каб бегчы ў Нігер. Ён знаходзіцца ў добрым здароўі і будзе дастаўлены ў горад Зінтан.

У чэрвені 2011 года Гаагскі міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Муамара Кадафі, Сейфа аль-Іслама і начальніка лівійскай выведкі Абдулы аль-Санусі.

Сейф аль-Іслам – другі сын Кадафі і першы сын ад яго другой жонкі, ён нарадзіўся ў 1972 году ў Трыпалі. З ранняга юнацтва ён займаўся палітыкай і неаднаразова прадстаўляў Кадафі на міжнародных перамовах. Скончыў лівійскі ўніверсітэт «Аль-Фатэх» па спецыяльнасці «архітэктар і інжынер».

У 1997 году стварыў Міжнародны фонд супрацоўніцтва ў галіне дабрачыннасці Кадафі, а таксама ўзначаліў Лівійскае нацыянальнае таварыства па кантролі над наркотыкамі. Напачатку нулявых вучыўся ў бізнэс-школе ў Аўстрыі, а пазней – у Лонданскай школе эканомікі. Публічна выступаў за стабілізацыю адносін Лівіі і Захаду, для чаго і заснаваў Дабрачынны фонд Кадафі, які займаўся выплатамі кампенсацый сваякам ахвяр тэрактаў, арганізаваных лівійцамі. Фонд быў зарэгістраваны ў Швейцарыі.

У 2005 году Сейф аль-Іслам выступіў з заклікам апублікаваць інфармацыю пра парушэнні праў чалавека ў Лівіі і вызваліць некаторых палітычных зняволеных. Выступаў з асобнымі крытычнымі заявамі ў адрас палітыкі бацькі, у сваіх публікацыях заклікаў прыняць у Лівіі канстытуцыю і далучыцца да Дэкларацыі праў чалавека.

У жніўні 2008 года заявіў пра намер сысці з палітыкі, а ў 2009 году стварыў Арабскі альянс за дэмакратыю, развіццё і правы чалавека.

Пасля таго, як у лютым 2011 гады ў Лівіі пачалося паўстанне супраць Кадафі, Сейф аль-Іслам неаднаразова прадстаўляў свайго бацьку перад прэсай, называў паўстанцаў «тэрарыстамі» і казаў пра неабходнасць цвёрдых мер.

Праз некалькі месяцаў пасля ўвядзеня Саветам бяспекі ААН санкцый супраць Кадафі і яго асяроддзя Сейф аль-Іслам быў абвешчаны ў міжнародны вышук, а пасля смерці бацькі ў кастрычніку 2011 года хаваўся на тэрыторыі Лівіі. Ён заявіў, што не збіраецца пакідаць Лівію і будзе змагацца далей за сваю краіну. Але праз некаторы час лівійскія ўлады абвясцілі, што ён гатовы здацца суду.

У канцы кастрычніка галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Луіс Марэна-Акампа пацвердзіў, што з Сейфам аль-Ісламам вядуцца перамовы на нефармальным узроўні праз пасроднікаў. Марэна-Акампа паведаміў, што сын Кадафі гатовы здацца, калі яму гарантуюць справядлівы судовы разгляд, аднак да цяперашняга ніякіх паведамленняў пра Сейф аль-Іслама не паступала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?