Міністэрства эканомікі ўсталявала тарыфы па транзытнаму транспарту нафты праз сыстэму магістральных трубаправодаў РУП «Гомельтранснафта Дружба» і Наваполацкага РУП па транспарту нафты «Дружба» праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Паводле пастановы ад 31 студзеня 2007 г. № 26, тарыф на паслугі па транзыце нафты без ПДВ маршрутам «Унеча (Высокае)—Адамава застава» — 3,5 даляраў за тону на 100 км, «Унеча (Высокае)—Броды» — 1,5 даляры.

Маршрутамі «Высокае—Полацак—АТ «Вэнтспілс Нафта», «Высокае—Полацак—АТ «Мяжэйку Нафта» і «Высокае—Полацак—АТ «Мяжэйку Нафта» (для тэрміналу Бутынге) тарыф 2,96 даляраў за тону.

Маршрутамі «Невель—Полацак—АТ «Вэнтспілс Нафта», «Невель—Полацак—АТ «Мяжэйку Нафта» і «Невель—Полацак—АТ «Мяжэйку Нафта» (для тэрміналу Бутынге) — 1,26 даляры за тону.

Разам з тым дзейныя на сёньня тарыфы на транзытны транспарт нафты праз тэрыторыю Беларусі былі ўзгодненыя з Мінпаліўэнэрга Расеі яшчэ ў сьнежні 1995 г. у далярах ЗША і з тае пары не мяняліся: яны складаюць 0,41 USD за тону на 100 км у напрамку да заходняй мяжы Беларусі (Адамава Застава), 0,53 USD — на мяжы з Украінай і 0,60 USD — у напрамку Бутынге—Мажэйкяй.

У сярэднім тарыфы на прапампоўваньне расейскай нафты падвысіліся ў 5 разоў. Працягласьць Беларусі з захаду на ўсход — 650 км, значыцца, узяўшы для прыкладу самы высокі тарыф 3,5 USDх6,5, атрымае 22,75 USD за транспарт адной тоны нафты з усходу на захад. Нямала, але гэта ўсё адно ўдвая меней, чым знакамітае беларускае транзытнае мыта на расейскую нафту, уведзенае трэцяга дня новага году заднім чыслом з 1 студзеня, што спрычынілася да перапынку прапампоўваньня нафты праз нафтаправод.

Адзначым, што згаданыя тарыфы пачынаюць дзейнічаць з 15 лютага 2007 г. Значыцца, расейскі бок атрымаў дастаткова часу для падрыхтоўкі да пераходу на «рынкавыя» ўмовы прапампоўваньня нафты праз тэрыторыю братняе краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?