Беларуская супольнасць ладзіць імпрэзы да 120-х угодкаў Максіма Багдановіча. У Горках такая вечарына адбылася з ініцыятывы мясцовага прадпрымальніка, сябра КХП-БНФ Віктара Каралькова.

Прапанову Каралькова падтрымала адміністрацыя раённага дому культуры, у якім і праходзіла вечарына. А напярэдадні дзесяць мясцовых бізнэсоўцаў абвясцілі акцыю — той, хто будзе мець квіток з імпрэзы, атрымае зніжку на іх тавары й паслугі.

Каралькоў: «Я хачу, каб людзі павярнуліся да Беларусі, каб беларушчына стала для іх абсалютнай каштоўнасцю. Мяне ўсцешыла, што іншыя прадпрымальнікі адгукнуліся на нашу прапанову. Спадзяюся, такім чынам мы закладзем традыцыю ахвяраванняў на карысць Бацькаўшчыны. Усцешыла мяне й тое, што на вечарыну прыйшло столькі людзей ды яшчэ ў такую непагадзь. І дзяцей многія прывялі. Гэта не апошняя імпрэза да юбілею Багдановіча — будуць яшчэ».

Паслухаць вершы ды песні на словы Багдановіча, а таксама прысвечаныя яму, у дом культуры прыйшло больш за пяцьдзясят чалавек. Сярод іх быў заўважаны і намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі Юры Беленькі. Выступалі горацкія паэты Лідзія Мініч, Наталля Ніканчук, Людміла Дзерушкова ды мінскія госьці — спявачка беларускай дзяржаўнай філармоніі Тацяна Грыневіч-Матафонава з сынам Адасём.

Грыневіч-Матафонава: «Я ўпершыню выступаю ў местачковым доме культуры. Часцей даводзіцца спяваць у школах. Радуе, што людзі адказвалі на мае пытанні. Значыць, ведаюць творчасць беларускіх класікаў. Пасля некаторых песняў з залы чулася „брава“, некаторыя Багдановічавы песні людзі слухалі стоячы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?