Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які знаходзіцца ў шклоўскай калоніі, паведамляе, што на яго працягваюць націск з мэтай прымусіць напісаць прашэнне аб памілаванні.
Аб гэтым палітык напісаў у лісце сустаршыні аргакамітэту па стварэнні партыі «БХД» Паўлу Севярынцу, які адбывае пакаранне на спецпасяленні ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

Як паведамляе прэс-служба аргакамітэта БХД, ліст ад Статкевіча, які падпісаны 14 лістапада, Севярынец атрымаў 22 лістапада.

«У мяне ўсё нармальна, працую на пілараме, чытаю газеты і кніжкі, — піша Статкевіч. — Можна было б сказаць, што адаптаваўся да гэтага месца, каб не пастаянныя гадасці ці чаканні іх з боку тых, хто мае каманду „выдраць“ з мяне гэтае „прашэнне“. Але чалавек — вельмі адаптыўная істота, і да стану гатоўнасці, да „сюрпрызаў“ таксама прывыкаеш. Дарэчы, на прапановы „папрасіцца“ я цяпер адказваю так:

„А што мне там рабіць, на той свабодзе? Там зараз такія цэны, а тут кашай накормяць,
спаць пакладуць і на працу ехаць не трэба — пешкі дайсці можна“. Хаця, калі б усім зэкам тут зрабілі такую прапанову — папрасіцца і выйсці на волю, то праз дні тры ў калоніі застаўся б толькі адзін зэк:) Перадавайце прывітанні ўсім агульным знаёмым, найперш Зміцеру (Дашкевічу). Спадзяюся, што ён, як і вы таксама, хутка будзе на волі».

З ліста Севярынец даведаўся, што Статкевіч атрымаў тры з пяці яго лістоў. Сам Севярынец таксама не атрымаў адзін ліст Статкевіча, дасланы яму ў адказ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?