На мінулым тыдні кіраўніка наваполацкай гарадзкой суполкі БНФ Аляксея Трубкіна тройчы затрымлівала міліцыя — 13, 14 і 17 лютага.

Першае затрыманьне адбылося ўначы. А 2.30 Аляксей прымацаваў да вулічнай дошкі абвестак налепку «Мы хочам новага!». На Трубкіна склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. 14 лютага апазыцыянэра зноў затрымалі — за распаўсюд бюлетэню «Позиция». З гэтым выданьнем Трубкіна ўжо прывозілі ў міліцыю раней — тады бюлетэнь прызналі легальным, бо ён мае выходныя зьвесткі. Гэтым разам «Позицию» палічылі шкоднай ды склалі пратакол. А 17 лютага Трубкін вырашыў сфатаграфаваць палітычныя графіці, якія зьявіліся на вуліцы Калініна. Зрабіў пару здымкаў — зьявілася патрульная машына. Аляксей пры сабе меў пашпарт, але патруль усё адно настойваў на «падвоз» у пастарунак для высьвятленьня асобы. Трубкін ехаць адмовіўся. Тады сяржант і старшына скруцілі хлопца і ўкінулі ў машыну. У міліцыі ўчынак Аляксея не палічылі правапарушэньнем, бо фотаапаратам яшчэ ніхто не забараняў карыстацца. Беззаконьне абаронцаў парадку Аляксей будзе аспрэчваць праз суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?