Крэмль знайшоў сабе пераемніка на беларускага прэзыдэнта. Гэта нехта Сяргей Каракін (Карякин). Тэлефонныя даведнікі ў Менску ведаюць усяго два такія пэрсанажы. Інтэрнэт-пашуковікі выводзяць на ўкраінскага шахматыста. Тым ня менш, расейскія алігархі ўжо скідваюцца грашыма, а мітычны кандыдат з размаітай камандай ужо паўдзесяцігодзьдзя ходзіць па высокіх уладных кабінэтах Крамля. Who is mister Karyakin?

Падаем агляд скандальнага артыкулу ў пераказе Newsru.com

А.Мілінкевіч: У тым, што ў Расеі выпрацаваная страгія ў дачыненьні да Беларусі, у мяне сумневаў мала
Белапан

Як стала вядома газэце «Вэрсія», нядаўна ў Крамлі прынялі канчатковае рашэньне адносна далейшага лёсу беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. У Маскве доўга трывалі свавольства Бацькі, але ў пэўны момант трываньне ляснула: дамаўляцца зь беларускім прэзыдэнтам стала немагчыма, а гэта ставіць пад удар ня толькі беларуска‑расейскую інтэграцыю, якая безь відавочных посьпехаў цягнецца ўжо 8 гадоў, але і ўсю расейскую эканоміку — нафтагазавы транзіт ідзе церазь Беларусь, і калі Менск надумае перакрыць трубу, для Масквы гэта можа абярнуцца значнымі фінансавымі стратамі. Выданьню ўдалося высьветліць, каго Крэмль рыхтуе ў пераемнікі адыёзнаму беларускаму лідэру.

Падрабязнасьці сцэнару, згодна зь якім Беларусь узначаліць чалавек, ляяльны Маскве настолькі, каб у найкарацейшя тэрміны завершыць інтэграцыю, пакуль дакладна невядомыя. Паводле зьвестак газэты «Версия», 10 дзён таму ў Крэмль запрасілі некалькі вельмі багатых расейцаў. Размова зь імі была канфідэнцыйнай, гаворка йшла пра тое, што няблага было б «скінуцца» на добрую справу расейска‑беларускай інтэграцыі і аказаць фінансавую дапамогу пераемніку Лукашэнкі — нейкаму Сяргею Каракіну (Карякіну).

С.Калякін: Магчыма, хтосьці хоча пайграць на нэрвах дзейнай улады ці паспрабаваць нейкім чынам выкарыстаць мяне.
Белапан

(Варта адзначыць, што на беларускім палітычным полі чалавек з такім імем не заўважаны, затое добра вядомы Сяргей Калякін, лідэр апазыцыйнай Лукашэнку Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ), у 2005 годзе — кіраўнік выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сіл Беларусі. Партыя даўно канфліктуе зь міністэрствам юстыцыі, якое дамагаецца прыпыненьня дзейнасьці ПКБ).

Пэрсона Сяргея Каракіна, як адзначаюць «Версии», пакуль мала каму вядомая і ў Расеі, і ў Беларусі. Паводле некаторых зьвестак, ён быў у кандыдацкай абойме яшчэ на выбарах 2001 году, але тады яго вырашылі не «засьвечваць». Увесь гэты час Каракін займаўся «пытаньнямі інтэграцыі Расеі і Беларусі, якія ляжаць у эканамічнай сфэры», часта бываў у Маскве і меў доступ у самыя высокія кабінэты.

В.Вячорка: Калі за гэтым, апроч гульні, нічога не стаіць, Лукашэнка з КДБ гэта высьветліць і падасьць у патрэбным сьвятле
Белапан

У «крамлёўскага» пераемніка ёсьць каманда, даволі размаітая: у яе ўваходзяць людзі, раней заўважаныя ў выбарчым штабе Ўладзімера Ганчарыка, і былыя супрацоўнікі савецкіх і беларускіх спэцслужбаў, і нават запісныя «дэмакраты». Назіральнікі сыходзяцца ў думцы, што менавіта такога, невядомага шырокім колам кандыдата лягчэй за ўсё раскруціць, і зрабіць гэта можна ўсяго за паўгоду, адзначае газэта.

У.Ганчарык: Такога чалавека ні ў маім штабе, ні ў кандыдацкай абойме не было
«Салідарнасьць»

С.Калінкіна: Ніхто з газэты «Версия» майго меркаваньня наконт пераемніка Лукашэнкі не пытаўся
belaruspartisan.org

Вядомая беларуская журналістка Сьвятлана Калінкіна пацьвярджае, што пераемніка Лукашэнку знайшлі нечакана хутка: «Важна ўжо тое, што ў Маскве, нарэшце, прызналі: Лукашэнка — гэта ня толькі беларуская праблема. А то ж раней крыўдавалі, калі заходняя прэса называла Пуціна «адвакатам д’ябла», маючы на ўвазе Лукашэнку. Расея прыйшла да разуменьня таго, што трэба браць пад свой кантроль такі стратэгічна важны кірунак, як транзыт па беларускай тэрыторыі нафты і газу, хаця раней лічылася, што Лукашэнка ў гэтым пляне цалкам забясьпечвае расейскія інтарэсы».

С.Касьцян: Гэта псыхічная атака на беларускі народ, які падтрымлівае, цэніць і любіць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку.
Белапан

Паводле інфармацыі «Версии», прарасейскага пераемніка Лукашэнкі прэзэнтуюць у самы блізкі час: ужо на наступным тыдні кандыдат прыедзе ў Маскву, дзе ў яго прызначаны шэраг сустрэчаў з самымі сур’ёзнымі людзьмі, якія прэзэнтуюць як расейскую ўладу, так і буйны бізнэс.

Цалкам артыкул Белапан, цытаты зь якога прыводзіліся, можна паглядзець на News.tut.by.

***

Сярод іх [таблоідаў] у Маскве вылучаецца, напрыклад, газэта «Версия», рэкардсмэн маскоўскай «чарнухі», самая забойчая зброя мэдыя-голдынгу «Совершенно секретно», заснаванага Арцёмам Баравіком. Асаблівасьцю «Версии» ёсьць тое, што яна можа апублікаваць УСЁ. Любая, нават самая шалёная на выгляд ідэя можа набыць сваё законнае існаваньне ў гэтым выданьні. Судзіцца з «Версияй» бессэнсоўна — сама ейная назва вельмі добра тлумачыць характар ейных матэрыялаў. Усе публікацыі носяць магчымы, а не фактычны характар, і гэта дае газэце быццам карт-блянш на любыя выбрыкі, на самую неверагодную «чарнуху».

propr.com.ua

Газэта, вядомая сваёй інфармаванасьцю й журналісцкімі расьсьледаваньнямі ў галіне палітыкі і бізнэсу, і сацыяльнай сфэры.

mediaguide.ru

p.s.:
Agent K: Праверым зводкі гарачых навінаў. (Праглядае таблёіды)
Agent J: Гэта і ёсьць «зводкі гарачых навінаў»?
Agent K: Самая апэратыўная інфармацыя! Чытай Нью-Ёрк Таймс, калі хочаш. Ім таксама часам шанцуе.
Agent J: Паверыць не магу, што ты шукаеш падказкі ў бульварных гаэзтах!
Agent K: Не. Не шукаю. Знайшоў!

Дыялёг зь фільму «Men in Black»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0