Паплечнікі Юліі Цімашэнка плануюць правесці ў дзень яе нараджэння 27 лістапада канцэрт пад сценамі СІЗА, у якім знаходзіцца экс-прэм’ер Украіны.

Цімашэнка знаходзіцца ў Лук’янаўскім СІЗА ў Кіеве ўжо больш за 100 дзён. Па сцвярджэнні абаронцаў і паплечнікаў экс-прэм’ера, яе здароўе ў апошні час значна пагоршылася, яна не падымаецца з ложка і не можа самастойна перасоўвацца.

Партыя «Бацькаўшчына» заклікае суайчыннікаў узяць удзел у акцыі «Кветка для Юлі» ў дзень нараджэння Цімашэнка 27 лістапада. Экс-прэм’еру ў гэты дзень споўніцца 51 год.

Пад Лук’янаўскім СІЗА ў нядзелю будзе праходзіць канцэрт і мітынг у падтрымку зняволенага палітыка. Не паведамляецца, хто будзе выступаць на канцэрце.

Пячэрскі раённы суд Кіева 11 кастрычніка асудзіў Цімашэнка да сямі гадоў пазбаўлення волі за перавышэнне паўнамоцтваў пры падпісанні газавых кантрактаў у 2009 годзе.

Неўзабаве пасля абвяшчэння прысуду стала вядома, што падатковая міліцыя аднавіла расследаванне па чатырох крымінальных справах супраць Цімашэнка, якія тычацца нявыплаты падаткаў у другой палове 1990-х гадоў, калі яна кіравала карпарацыяй «Адзіныя энергетычныя сістэмы Украіны». Экс-прэм’еру выставілі абвінавачванні ў арганізацыі ўтойвання валютнай выручкі ў суме больш за 165 мільёнаў даляраў, крадзяжы бюджэтных сродкаў і ўхіленні ад выплаты падаткаў на агульную суму больш за 47 мільёнаў грыўняў (5,8 мільёна даляраў). Гэтыя чатыры справы былі аб’яднаны ў адну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?