25.11.2011 / 13:24

«ВТБ» разглядае магчымасць продажу банка «Масква-Мінск»

Нацыянальны банк Беларусі зацікаўлены ў продажы банка «Масква-Мінск» (беларуская «дачка» «Банка Масквы») іншаму банку ўнутры краіны, вядзе перамовы з «ВТБ» наконт гэтага, паведаміла журналістам у Франкфурце-на-Майне член праўлення міжнароднай фінансавай групы «ВТБ» Вольга Дзергунова.

«Мы павінны былі праверыць рынак з пункту гледжання продажу: ці ёсць пакупнікі. Мы разумеем, што рынак у прынцыпе хоча яго купіць, але з пункту гледжання сінергіі — інтэграцыя больш эфектыўная. Аднак Нацбанк Беларусі таксама зацікаўлены ў гэтым актыве», — цытуюць Дзергунову РІА Новости.

«ВТБ» пачаў перамовы з беларускім рэгулятарам аб магчымых варыянтах развіцця банка «Масква-Мінск» ў інтарэсах Нацбанка Беларусі.

«Пакуль гэта не было публічна аб’яўлена Нацбанкам і не было ніякіх узгадненняў унутры Беларусі, трэба абмежавацца тым, што Нацбанк зацікаўлены ў тым, каб банк адышоў буйному банку ўнутры Беларусі для ўзмацнення актываў. Ёсць не менш значныя сістэмаўтваральныя банкі, для якіх ён мог бы быць цікавы», — зазначыла член праўлення «ВТБ».

Адказваючы на пытанне, чаму Нацбанк Беларусі зацікаўлены ў гэтым, яна растлумачыла, што гэта добры актыў, які дае ад 10 да 20 мільёнаў чыстага прыбытку кожны год.

«Гэта актыў, які з’яўляецца істотным для любога беларускага банка з пункту гледжання яго далейшай стратэгіі, таму мы разглядаем Нацбанк Беларусі як магчымага перамоўшчыка ў гэтым працэсе. Але пакуль гэтага не адбылося, інтэграцыя — наш асноўны прыярытэт», — сказала Дзергунова.

У групу «ВТБ» уваходзяць больш як 20 крэдытных і фінансавых кампаній, што вядуць сваю дзейнасць у 17 краінах.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру