25.11.2011 / 17:44

Швейцарскі камфорт па некамфортным раскладзе 28

Радасць ад паездак на новай электрычцы азмрочана вельмі нязручным раскладам для жыхароў Баранавічаў.

Беларуская чыгунка адкрыла рух рэгіянальных ліній па маршрутах Мінск-Баранавічы і Брэст-Баранавічы, якія абслугоўвае швейцарская рэгіянальная электрычка Stadler. Разам з радасцю, што і ў Баранавічы дайшоў еўрапейскі камфорт, расклад ў жыхароў горада выклікаў буру абурэння.

Да Мінска — за адзін даляр

Адкрыццё рэгулярнага руху электрацягнікоў рэгіянальных ліній з’яўляецца чарговым этапам рэалізацыі новага фармату пасажырскіх перавозак, ўкараненне якога Беларуская чыгунка пачала ў 2010 годзе.

Адлегласць ад Брэста да Баранавічаў электрычка пераадольвае амаль за дзве гадзіны, а ад нашага горада да Мінска — за паўтары.

Па маршруце з Брэста ў Баранавічы цягнік спыняецца ў Жабінцы, Бярозе і Івацэвічах, а на шляху да сталіцы — толькі ў Койданаве і Стоўбцах.

Кошт праезду на электрацягніках рэгіянальных ліній адпавядае кошту праезду ў агульных вагонах хуткіх цягнікоў, якія курсуюць па дадзеных маршрутах. Ад горада Мінска да Баранавічаў кошт праезду складзе 9740 рублёў, ад нашага горада да Брэста — 11760 рублёў.

Швейцарскі фармат перавозак на беларускай дарозе

Рэгіянальная электрычка складаецца з 4 вагонаў, дзе могуць размясціцца 188 пасажыраў. У вагоне прадугледжана яшчэ 26 адкідных месцаў.

У салонах ёсць кандыцыянеры, сістэма відэаназірання з перадачай выявы на дысплей у кабіне машыніста, інфармацыйныя табло, мяккія сядзенні з падлакотнікамі па сістэме 2 +2.

Дзверы «іншаземкі» знутры і звонку чалавек адкрывае сам пры дапамозе сэнсарных датчыкаў на ўваходах у вагоны. А вось падчас руху дзверы блакуюцца.

Па словах спецыялістаў, швейцарцы вялікую ўвагу надалі бяспецы пасажыраў і абслугоўваючага персаналу.

«Да прыкладу, дзверы электрычкі працуюць на фотаэлементах, і яна не зачыніцца да таго часу, пакуль паблізу іх знаходзіцца хоць бы палец чалавека, цягнік не кранецца з месца», — распавядае начальнік вакзалу «Баранавічы-Палескія» Юры Савось.

У адным з вагонаў абсталяваная шматфункцыянальная зона для пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таксама для пасажыраў з дзіцячымі калыскамі, роварамі і буйнагабарытным багажом.

Для каго расклад?

Першыя пасажыры ў новым цягніку задаволеныя і цаной, і якасцю: «Класна, нядорага і хутка, толькі каб кошт праезду не паднялі», — выказалася адна з жанчын, выходзячы з цягніка.

Не задавальняе жыхароў Баранавічаў адно — расклад. Бо незразумела, навошта жыхарам Баранавічаў ехаць на ноч гледзячы ў сталіцу, хай сабе і хутка, і з камфортам? Або ехаць у Брэст і прыбываць туды толькі апоўдні?

Асноўную праблему жыхароў нашага горада, якія мараць прыязджаць у Мінск да васьмі раніцы на электрычцы, новы цягнік так і не вырашыў. Пакуль што.

Як растлумачыў намеснік начальніка Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі Пётр Краўчук, электрычка каля месяца будзе курсіраваць у тэставым рэжыме. Спецыялісты БЧ ацэняць пасажырапаток, запатрабаванасць, пастараюцца ўлічыць пажаданні пасажыраў і толькі пасля 20 снежня зацвердзяць новы расклад электрычкі.

Па словах начальніка вакзала «Баранавічы-Палескія» Юрыя Савося, электрычка карыстаецца попытам у студэнтаў-мінчан і, да прыкладу, у выхадныя ў бок Мінска былі раскуплены ўсе квіткі. Але вось наколькі рэйс будзе запатрабаваны ў будныя дні, пакажа час.

Даведка «IP»

У сакавіку мінулага года БЧ заключыла кантракт са швейцарскай кампаніяй Stadler на пастаўку 10 электрацягнікоў. Кошт кожнага складае каля 6 млн еўра. На паскарэнне цягніка да 120 км/г сыходзіць усяго 43 секунды. На асобных участках маршруту Брэст - Баранавічы цягнік разганяецца да 140 км/г, хоць канструкцыйная хуткасць швейцарскай электрычкі дазваляе разганяцца і да 160 км/г. Аднак, пакуль не дазваляюць тэхнічныя характарыстыкі чыгункі. Чакаецца, што ў гэтым годзе на напрамку Мінск-Брэст рэканструкцыя шляхоў працягнецца, і гэта дазволіць швейцарскай электрычцы разагнацца да неабходнага хуткаснага рэжыму.

Дарэчы

Праязныя дакументы ў Баранавічах пасажыры змогуць купіць толькі ў сутачных касах: на першым паверсе вакзала «Баранавічы-Палескія» у сутачных касах № 2-3, на другім паверсе — у касах № 1 і 6. Квіток на цягнік можна купіць і загадзя — за 45 сутак да адпраўлення ў дарогу.

Глядзі таксама: «Флірт» у тэставым рэжыме

0
ээээ / Адказаць
25.11.2011 / 17:59
так, не трэба гнаць на БЧ! электрычка пакуль што адна, і яе функцыя - гэта звязаць хуткіх цягніком сталіцу і абласны цэнтр, усё нармалёва. сталіца ў нас пакуль што Менск, а не Баранавічы, з усёй павагай да гэтага гораду. у Горадню вунь на суткі наогул адзін цягнік ідзе днём і самы хуткі з іх у пуці 5 з паловай гадзін. а да Баранавіч з Менску дабрацца праблемаў ніякіх няма - горад на магістралі Масква-Берлін, па якой ідзе каля 20 цягнікоў на суткі+ электрычкі. так што няма чаго скардзіцца тут.
0
Я / Адказаць
25.11.2011 / 18:01
Нажаль, жыхарам горада Пружаны Брэсцкай вобласці не ўдасца паспытаць швейцарскага камофрта, бо цягнік не будзе спыняцца ў бліжэйшай да Пружанаў станцыі - Аранчыцы.
0
Yura / Адказаць
25.11.2011 / 18:29
Чтобы доехать до Брета нужно оплачивать 2 билета. Догадываюсь что это сделано для того чтобы больше срубить бабла. Минск-Барановичи 8890, Барановичи-Брест 10910 итого 19800. А на обычном скором поезде Минск-Брест 13480, что на 32% дешевле.
Паказаць усе каментары/ 28 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру