Алег Пянькоўскі на лаве падсудных.

Алег Пянькоўскі на лаве падсудных.

Хамская рыторыка Хрушчова ў адрас ЗША была на руку амерыканскаму ВПК. Чым гучней крычаў савецкі лідэр, тым болей грошай сыпалася на абаронныя праекты.

Хамская рыторыка Хрушчова ў адрас ЗША была на руку амерыканскаму ВПК. Чым гучней крычаў савецкі лідэр, тым болей грошай сыпалася на абаронныя праекты.

Спачатку выйшла гэта кніга, а пасля была палітычная заява. Прычынна-выніковых сувязяў між двума фактамі няма, але гэта з’явы аднаго парадку.

Прэзідэнт Расіі Мядзведзеў у сваім звароце да грамадзянаў Расіі заявіў, што краіна будзе прымаць меры ў адказ на разгортванне амерыканскай сістэмы Проціракетнай абароны ў Еўропе. У прыватнасці, будзе ўведзеная ў баявы склад радыёлакацыйная станцыя сістэмы папярэджання пра ракетны напад у Калінінградзе, узмоцненае прыкрыццё аб’ектаў стратэгічных ядзерных сілаў. Нагодай стала адмова ЗША надалей інфармаваць Расію пра крокі, якія робяцца для ўзмацнення сістэмы ПРА. (Праўда, расійскі прэзідэнт маўчаў пра тое, што Расія перастала інфармаваць ЗША пра змены з свайго боку яшчэ ў 2007-м.)

Кніга ж называецца «Кузькіна маць. Хроніка вялікага дзесяцігоддзя». Напісаў яе 

Віктар Сувораў — aka Уладзімір Разун, былы супрацоўнік легальнай рэзідэнтуры Галоўнага разведвальнага ўпраўлення СССР у Жэневе, які ў 1978 з сям’ёй здолеў уцячы на Захад. Пад псеўданімам ён апублікаваў свае бестселеры «Ледакол» і «Акварыюм».
Вялікую папулярнасць на Захадзе мае і «Савецкая армія: погляд з сярэдзіны» (не перакладаная на постсавецкія мовы).

Адны лічаць Суворава адкрывальнікам невядомай праўды, іншыя — фальсіфікатарам гісторыі. Так ці іначай, яго кнігі прымушаюць па-новаму пераасэнсаваць вядомыя, здавалася б, факты.

У новай кнізе асноўная ўвага аўтара звернутая на падзеі ў свеце пачатку 1960-х. У прыватнасці, Карыбскі крызіс 1962 года.

Чаму гэты час называецца «вялікім»? Бо ўдалося перадухіліць ядзерную вайну. Апроч таго, паводле Суворава, менавіта пасля Карыбскага крызісу савецкія правадыры зразумелі, што «справа Леніна прайграная» — сусветнай рэвалюцыі не будзе. І пачалося павольнае паміранне савецкай імперыі.

Хто такая «Кузькіна маць» цяпер памятаюць, як кажа Ліпковіч, хіба спецыялісты. Сусветна вядомым гэты выраз зрабіў савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў.

Перакладчыкі сталі ў тупік, пачуўшы, што ён збіраецца паказаць Амерыцы. Як перакласці «Кузькіну маць»?..

Яшчэ «Кузькіна маць» — гэта 50-мегатонная атамная бомба, якая выбухнула ў кастрычніку 1961 на палігоне Новай Зямлі і мусіла засведчыць лідэрства СССР у распрацоўцы ядзернай зброі. Яшчэ адным козырам былі савецкія міжкантынентальныя ракеты, на якіх у космас пасылаліся спутнікі і людзі. Але ці магчыма было ўсё гэта выкарыстоўваць у наступальна-абаронных мэтах?

Аўтар задаецца простым пытаннем:

навошта Савецкаму Саюзу, які ў пачатку 1960-х пасылаў людзей у космас, было трэба везці на Кубу ракеты сярэдняй і малой дальнасці? Ці не прасцей было б стрэліць па Амерыцы міжкантынентальнай ракетай проста з Сібіры?

Але ў тым і рэч, піша Сувораў, што ні даляцець да ЗША, ні тым больш пацэліць як след не магла ніводная савецкая ракета. «У канцы 50-х — пачатку 60-х

савецкая ракетная прамысловасць працавала з крэнам на паказуху. Магутныя ракеты неадкладна выкарыстоўваюцца для дэманстрацыі ў космасе, для Узброеных Сілаў заставалася вельмі мала. У кастрычніку 1962 года у Савецкім Саюзе было толькі пяць стартавых пляцовак для ракет 8К74, здольных даляцець да Амерыкі. Яны знаходзіліся на паверхні, былі складанымі і ўразлівымі. …Адзіным спосабам аказаць псіхалагічнае ўздзеянне на Амерыку было размяшчэнне на Кубе ракет з дальнасцю 2100 і 4500 км
». І гэта ў той час, звяртае ўвагу Сувораў, калі
амерыканцы маглі «дастаць» аж да Масквы ракетамі сярэдняй і малой дальнасці з еўрапейскіх вайсковых базаў і падводных лодак
.

Сувораў піша пра паказуху гіганцкіх маштабаў, якой былі касмічныя праграмы СССР. Пра бясплатную працу мільёнаў калгаснікаў без пашпартоў, якой тая паказуха акупалася. Пра сістэму, створаную бальшавікамі, якая, замест таго, каб паляпшаць жыццё грамадзянаў сваёй краіны, імкнулася пагоршыць жыццё суседзяў.

«Сталін узяў СССР у лапцях, а пакінуў з атамнай бомбай» — любяць пафасна казаць сталіністы. Праўда, маўчаць яны, што тую бомбу нават у часы Хрушчова бальшавікі маглі кінуць толькі на ўласную тэрыторыю.
Для таго, каб даставіць на палігон «Масква 700» на Новай Зямлі тую самую «Кузькіну маць» — 50-мегатонную атамную бомбу — быў у адзінкавым экзэмпляры зроблены бамбардзіроўшчык ТУ-95Б.
Каб бомба змясцілася, давялося зняць частку абшыўкі днішча. Гаворкі пра тое, каб самалёт з такім грузам пераляцеў Паўночны Полюс і дапёр да Амерыкі, нават быць не магло.

Але савецкі лідэр у 1962-м упарта блефаваў: Хрушчоў пагражаў і трос кулаком з трыбуны ААН, грукаў пантофлем па стале, патрабуючы «прабачэнняў» ад ЗША і вырашэння праблемы Заходняга Берліна.

Цэнтральны сюжэт кнігі — змова генералаў супраць Хрушчова. Паводле аўтара, частка вайсковай вярхоўкі разумела, што валюнтарызм Хрушчова ставіць свет на мяжу атамнай вайны. Кіраўнік вайсковая выведкі Іван Сяроў і камандуючы ракетнымі войскамі Сяргей Варанцоў вырашылі паінфармаваць амерыканцаў, што заявы Мікіты пра вайсковую магутнасць СССР — блеф. Ядзерны ўдар па ЗША немагчымы, а значыць няма сэнсу планаваць контрмеры. Гэтая інфармацыя супакоіць ЗША, здыме напружанасць і прывядзе да разрадкі ў свеце. Але

як перадаць сакрэтную інфармацыю так, каб амерыканцы паверылі? Для гэтага, вырашылі генералы, трэба знайсці разведчыка, які б даў сябе завербаваць заходнім спецслужбам.

Іх позіркі, піша Сувораў, сышліся на палкоўніку Алегу Пянькоўскім.

Гэты ветэран вайны (камандаваў супрацьтанкавымі гарматамі, як Васіль Быкаў), без ваганняў пагадзіўся на смяротную «падвойную гульню»… Парадокс: але яго інфармацыя была нявыгаднай амерыканскаму ВПК, піша Сувораў. Зарукай атрымання грошай на вайсковыя распрацоўкі з амерыканскага бюджэту былі якраз пагрозы Хрушчова.
Пад акампанемент хрушчоўскіх праклёнаў і грукату пантофлі па стале Амерыка штогод (!) будавала новы авіяносец, падводныя лодкі, якія маглі несці па 16 ядзерных ракет (савецкія — толькі па тры), ракеты з ядзернымі баегалоўкамі на цвёрдым паліве (Саветы ў той час мелі толькі на вадкім).

Сувораў лічыць, што Пянькоўскага выдалі савецкім спецслужбам амерыканскія. Іншых спосабаў выкрыць яго проста не існавала.

Пра яго шпіёнства старшыня КДБ Сямічасны даклаў другому сакратару ЦК КПСС Фролу Казлову — фактычнаму кіраўніку дзяржавы ў перыяды частых ад’ездаў Мікіты. Многія лічылі яго наступнікам Хрушчова, якому было ўжо за 70 (часопіс «Time» нават змясціў Казлова на вокладцы ў такой якасці).
Казлоў, піша аўтар, вырашыў скарыстацца інфармацыяй у патрэбны момант, каб «падседзець» Мікіту. І год пра яе маўчаў.

Яго маўчанне і дзейнасць Пянькоўскага справакавалі правал тактыкі СССР у часе Карыбскага крызісу. Гэта пасля савецкая прапаганда даводзіла, што ракеты на Кубе былі трэба, каб «уратаваць сацыялізм на Востраве Свабоды» і прымусіць ЗША вывесці свае ядзерныя ракеты з Турцыі. У 1990-я

Сямічасны ў эфіры Бі-Бі-Сі успамінаў, як пасля ганебнага вываду сакрэтна перавезеных на Кубу боегаловак і войскаў, Хрушчоў сказаў, што «справа Леніна прайграная» — і кінуў цяжкую мармуровую попельніцу ў Казлова.
Кар’ера апошняга скончылася — два сардэчныя прыступы звялі ў труну моцнага 56-гадовага чалавека.

Пянькоўскага схапілі. Яго справа мела розгалас у СССР. Урыўкі відэазапісу з суду над ім паказвалі ў кінахроніцы па ўсёй краіне. Прапаганда называла яго здраднікам, хцівым, амаральным і разбэшчаным чалавекам.

Насамрэч, піша Сувораў,

суды былі два. Першы прысудзіў Пянькоўскага да 15 гадоў зняволення (максімальны тэрмін у тагачасным СССР). Але, як выявілася, гэта была толькі рэпетыцыя — з мэтай праверыць, ці добра падсудны вывучыў сваю ролю, ці не памыляецца ў «паказаннях».
Другі суд прысудзіў разведчыка да расстрэлу.

Сувораў грунтуецца на інфармацыі, атрыманай падчас уласнай вучобы ў школе ГРУ. Ён пэўны, што Пянькоўскага катавалі.

Аўтар згадвае масажыстку таварыства «Дынама» Кацю Кірдык, якая мела талент выклікаць моцныя і працяглыя сутаргі. Менавіта яна, паводле аўтара, «праводзіла» Пянькоўскага на лаву падсудных.
І як толькі падсудны хоць на крок адыходзіў ад напісанай для яго ролі, суддзя абвяшчаў перапынак і Пянькоўскага праводзілі ў гукаізаляванае памяшканне, дзе яго чакала мадам Кірдык…

Магчыма, усмешка на твары Пянькоўскага падчас абвяшчэння прысуду была выкліканая тым, што яго перасталі катаваць. Або тым, што ўратаваў чалавецтва ад ядзернай вайны.

Пасля свет ніколі так блізка не падыходзіў да рысы незвароту. Усталяваўся баланс сілаў. Вядома,

у свежых заявах Мядзведзева чуецца водгулле грукату хрушчоўскага пантофля, але замест пагрозаў паказаць «кузькіну маць» гучаць досыць мяккія папрокі: «Паўночнаатлантычны альянс пазбягае дыялогу».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?