Руслан Вілюха з Крупак пацярпеў ад мінскіх спецназаўцаў, але суд яго апраўдаў.

Рэстаратару Фаруху Калабану таксама ўдалося дабіцца апраўдання.

Муж і дачка прадпрымальніцы Ганны Бандарэнка сталі сведкамі хапуна. Самі яны не былі затрыманы і першымі перадалі інфармацыю ў незалежныя СМІ.

Усяго адзін дакумент абвяргае ранейшае «абвяржэнне» УУС Мінскага аблвыканкама, у якім сцвярджаецца, што «дзеянні супрацоўнікаў Крупскага РАУС і палка міліцыі спецыяльнага прызначэння былі абсалютна законныя».

Гэты ж дакумент, мякка кажучы, ставіць у няёмкае становішча намесніка міністра ўнутраных спраў Яўгена Полудня, які заявіў журналістам, што ў Крупках «усё было ў рамках закона».

Як мінімум тры чалавекі ў тую ноч былі незаконна затрыманыя, на іх беспадстаўна склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, іх дарэмна пратрымалі амаль трое сутак у ізалятары. Такія высновы вынікаюць з пастаноў суда Крупскага раёна. Справу 25-гадовага Руслана Вілюхі асабіста разглядала старшыня суда Крупскага раёна Любоў Сівакова.
На Руслана было складзена адразу два пратаколы, якія афармляў участковы Крупскага РАУС. Падставамi для запаўнення бланкаў сталі рапарты байцоў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (ПМСП) УУС Мінскага аблвыканкама, якія праводзілі «прафілактычную адпрацоўку» Крупак.

У рапарце спецназаўцаў было пазначана, што Вілюха ў краме «Ля гасцінца» «ў прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі паводзіў сябе абуральна, прыставаў да грамадзян, перашкаджаў рабіць закупы, гучна размаўляў, ужываючы нецэнзурную лаянку, грэбліва выказваўся на адрас супрацоўнікаў міліцыі».

Іншы

баец спецназа сцвярджаў, што Руслан «не падпарадкоўваўся патрабаванню прайсці ў службовы аўтамабіль для далейшага разгляду і праходжання медагляду, упіраўся, хапаўся за староннія прадметы і форменную вопратку».

І ў судзе, і журналістам абвінавачаны міліцыянтамі ў «страшных грахах» Руслан Вілюха (дарэчы, сам выпускнік Акадэміі МУС, які не працуе па спецыяльнасці) распавёў зусім іншую гісторыю аб падзеях той ночы. Ён сапраўды быў у краме «Ля гасцінца», калі да гандлёвага пункта пад’ехаў аўтобус і ўнутр зайшлі спецназаўцы.

«Чалавек дваццаць іх было, — распавядаў ён. — І таксама зайшлі закупіцца. І тут адна наведніца, калі выходзіла з крамы, зачапіла аднаго міліцыянта. Бо памяшканне крамы невялікае, столькі народу набілася, цесна. На што ёй з боку спецназаўцаў вельмі груба было ўказана, што, маўляў, акуратней трэба быць. Хтосьці з маіх таварышаў зрабіў ім заўвагу, каб ветлівымі былі. Гэта іх завяло. Раздаліся пагрозы, звернутыя да ўсіх прысутных, а на тварах было такі выраз нянавісці да нас, што, здавалася, яны былі гатовыя нас разарваць. Вось тут я, азнаёмлены ў свой час з унутранымі інструкцыямі МУС па абыходжанні з грамадзянамі, таксама зрабіў заўвагу афіцэру, які там знаходзіўся. За гэтыя словы мяне папрасілі прайсці за ім. Я спакойна выйшаў. Мне сказалі залезці ў «аўтазак». Мой таварыш задаў пытанне: «А што ён такога зрабіў, што яго забіраюць?». Ну, і яго таксама пад рукі — і ўслед за мной пагрузілі. Мы селі ў самы канец машыны.

Да нас падляцелі спецназаўцы, калі машына ўжо рушыла. Чалавек па пяць на кожнага. Павалілі на падлогу. Па некалькі разоў ударылі дубінкай па рэбрах.
У таварыша пасля гэтых «працэдур» яны так разбалеліся, што на наступны дзень яго нават спецыяльна з ізалятара вазілі ў бальніцу, думалі — пералом. Дзякуй Богу, аказаліся моцныя гузакі…»
Сваю станоўчую ролю адыгралі сведкі тых падзей. Магазіншчыца Вашкевіч распавяла, што ў яе прысутнасці ніхто не крычаў, нецэнзурнай лаянкай не выказваўся, парадку не парушаў. Жанчына патлумачыла, што міліцыі яна не выклікала. Для гэтага не было ніякіх падстаў. Сведка Дубовік, які сам апынуўся ў ролі затрыманага, паказанні прадавачкі пацвердзіў і дадаў, што абуральна сябе паводзілі менавіта супрацоўнікі міліцыі.
Рэдка бывае, але ў гэтай сітуацыі суддзя Сівакова паверыла не спецназаўцам, дзеянні якіх некалькімі днямі пазней адобрыў намеснік міністра Полудзень, а цывільным сведкам, падстаў не давяраць якім, як адзначана ў пастанове, у суда не маецца. Па сутнасці, Любоў Станіславаўна стала на бок Руслана, палічыўшы, што яго віна ў судзе не даказаная. А таму — вытворчасць па справе ў дачыненні да крупскага «падлягае спыненню за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння».
І яшчэ адзін важны прававы нюанс. У момант незаконнага затрымання Руслан Вілюха быў нападпітку. Пры аглядзе ўстаноўлена алкагольнае ап’яненне 1,28 праміле. Аднак у старшыні суда Крупскага раёна на гэты конт ёсць угрунтаванае на законе меркаванне, якое задакументавана ў пастанове наступным чынам: «Сам факт знаходжання ў грамадскім месцы Вілюхі Р.А. у стане алкагольнага ап’янення не ўтварае складу адміністрацыйнага парушэння».
Суд апраўдаў і яшчэ аднаго затрыманага, ліванца Фаруха Кабалана, уласніка мясцовай кавярні. У той жа час суд прызнаў некаторых іншых затрыманых вінаватымі: у іх выпадку не было сведкаў, якія маглі б засведчыць, што яны не лаяліся і не парушалі парадку.
Многія крупчане лічаць, што ў горадзе адбылася звычайная дэманстрацыя сілы. На думку людзей, мінскаму спецназу давялі план па затрыманнях, які тыя і стараліся выканаць вядомымі ім метадамі.
Розгалас па справе ўдалося ўзняць, бо ў Крупках ёсць людзі, звязаныя з агульнанацыянальным рухам супраціву. Яны і перадалі інфармацыю ў незалежныя СМІ.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?