26-га лістапада — дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча, беларускага пісьменьніка, паэта, драматурга. Кожныя ўгодкі славутага земляка традыцыйна адзначаюцца на яго малой радзіме, у Оршы.

Дзень народзінаў пісьменьніка адзначаўся сьціпла — у адрозьненьне ад леташніх, 80-х угодкаў, сёлета дата ня «круглая». Сьвяточныя імпрэзы, якія праходзілі ў Воршы цягам мінулага тыдня, былі арганізаваныя супрацоўнікамі музэю Ўладзімера Караткевіча і дзіцячай бібліятэкі, якой нададзена імя пісьменьніка.

На традыцыйнае ўскладаньне кветак да помніка пісьменьніку-земляку прыйшлі вучні гімназіі №2 — былой першай сярэдняй школы, дзе некалі вучыўся Ўладзімер Караткевіч. Дзеці чыталі вершы, са сваімі творамі выступілі і мясцовыя літаратары. Прадстаўнікоў гарадзкіх уладаў не было ўвогуле: ад імя гарвыканкаму прысутных вітаў толькі дырэктар аршанскага музэйнага комплексу Ўладзімер Кузубаў.

З кветкамі да Караткевіча прыходзілі і звычайныя гараджане, і прадстаўнікі мясцовых дэмакратычных сілаў, якія ўсклалі да помніка вянок ад моладзевай суполкі «Зьвяз» і суполкі Таварыства беларускай мовы.

Паводле даўняй традыцыі, пасьля літаратурных чытаньняў каля помніка ўсіх ахвотных запрасілі ў музэй Уладзімера Караткевіча. Ён месьціцца якраз у тым будынку, дзе некалі была радзільня, у якой будучы пісьменьнік прыйшоў у гэты сьвет. Гэтымі днямі музэй прымае асабліва шмат экскурсантаў, якія едуць у Воршу з розных гарадоў — і школьнікаў, і студэнтаў, і людзей сталага веку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?