Максім Мірны (Беларусь) і канадзец Дэніэл Нестар (дагэтуль — пятая пара свету) выйгралі чэмпіянат ATP (выніковы турнір года) у парным разрадзе, што прайшоў у Лондане. У ім бралі ўдзел восем наймацнейшых тэнісных параў свету.

У фінале 27 лістапада яны выйгралі ў палякаў Марыюша Фырстэнберга і Марціна Маткоўскага — 7:5, 6:3.

Цікава, што ў мінулым годзе Мірны ў фінале гуляў у пары з Махешам Бхупаці, і беларуска-індыйскі дуэт прайграў Дэніэлу Нестару і Ненаду Зімоньічу (Сербія).

Гэта 41-ы тытул Максіма Мірнага ў парным разрадзе і другая перамога ў фінале чэмпіянату ATP. У 2006 г. Мірны выйграваў яго ў пары са шведам Юнасам Б'ёркманам.

У фінале індывідуальнага разраду Роджэр Федэрэр (Швейцарыя) выйграў у Жо-Вілфрэда Тсонгі (Францыя) -- 6:3, 6:7, 6:3.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?