Саліст групы NRM, удзельнік папулярнага праекта « Крамбамбуля», тройчы ўганараваны тытулам рок‑караля (у 1997, 2000, 2005 г.) Лявон Вольскі быў летась названы адным з кандыдатаў на званьне народнага паэта па апытаньнях чытачоў на сайце «Нашай Нівы».Мы сустрэліся са спадаром Лявонам і пагутарылі аб найбольш яскравых і важных падзеях мінулага года ў жыцьці рок‑выканаўцы.

— Чым быў адметны ў творчым плане для Вас мінулы год?

— Мы сабралі матэрыял для новага альбома NRM. Усе трэкі ўжо прапісаныя, справа засталася толькі за міксамі, за звядзеньнем у адзінае цэлае. Альбом будзе складацца з 14 песень, некаторыя з іх шырока вядомыя. Насуперак законаў шоў‑бізнесу, мы ігралі новыя песні на канцэртах. Таксама некалькі месяцаў засталося да выхаду новага альбома «Крамбамбулі».

— Гэты год быў насычаны вандроўкамі?

— Мы шмат ездзілі па свеце, выступалі з канцэртамі ў Празе, Берліне, Брусэлі, Стакгольме, не кажучы пра Польшчу, дзе наш гурт даволі « раскручаны». Давялося даволі шмат карыстацца грамадзянскай авіацыяй.

За гэты год пашыралася культурная інтэграцыя са Шведскім Каралеўствам. Нашым падарожжам добра паспрыяў консул Швецыі на Беларусі Стэфан Эрыскан. Ён, як і калісьці Джордж Крол, праўляе вялікую цікавасьць да беларускай культуры, свабодна размаўляе па‑беларуску, не прапускае важных падзей, з задавальненьнем наведвае творчыя вечарыны. З паразуменнем і гасьціннасьцю прыняў нас слынны культурны дзеяч Швецыі, рэжысер, арт‑дакументаліст Томас Норданстад. Ён здымае фільмы пра свабоднае мастацтва, наведваў розныя краіны свету, Бірму, Кітай. Вясной ён здымаў сюжэт на плошчы Каліноўскага.

У Стакгольме нам давялося выступаць на эксперыментальнай пляцоўцы Шведскага Каралеўскага драматычнага тэатра.

На тры дні пашчасціла завітаць у Злату Прагу. Два тыдні бесперапынна ішоў фестываль сучаснай музыкі. Мы выступалі ў парку разам са слыннымі рок‑гуртамі з Велікабрытаніі.

З жонкай Аняй мы зрабілі экскурсію па горадзе, паглядзелі гістарычны цэнтр, Карлаў Мост.

Старажытная еўрапейская сталіца цікава сінтэзам і ўзаемапранікненьнем розных культур…

Нельга абмінуць канцэрты салідарнасці з Беларусьсю ў Польшчы, вясной 2006‑га.

‑ Так, яны праходзілі за два тыдні да выбараў і трансляваліся польскай тэлевізіяй.

Мы выконвалі самыя знакавые песьні часоў польскай « Салідарнасьці» ў перакладзе на беларускую мову Міхала Анемпадыстава. На канцэрце ў Варшаве прысутнічалі зоркі польскага кінематографа і сярод іх — Анджэй Вайда.

Вялікі канцэрт у Менску на плошчы Бангалор 17 сакавіка быў сабраў вельмі шмат прыхільнікаў пераменаў.

‑ Напэўна, гэта таму, што Вашы спевы адкрываюць вялізны ўнутраны прастор духу, даюць моцныя крылы, веру у перамогу і няспынны рух да яе. Яны пазбаўляюць людзей страха. Ваша песьня « Усе роўна мы пераможам!»( «Гадзючнік») была прызнана адным з лепшых гітоў года.

‑Так. Як раз гэты кліп у нашым выкананьні здымаў на плошчы Томас Норданстад.

‑ А што у вас у планах на гэты год?

‑ Будзем займацца новымі альбомамі, скіроўваць свае намаганні, каб аматары іх хутчэй атрымалі.

14 студзеня мы ўдзельнічалі ў польскім дабрачынным праекце «Вялікі Аркестр Каляднай Дапамогі». Мэта такіх праектаў, здзяйсьняемых штогод, сабраць сродкі на дапамогу дзецям, хворым на рак, захаваць ім жыцці праз медычную дапамогу і ўдасканаленьне дыягностыкі, альбо падтрымаць іншую катэгорыю сацыяльна безабаронных дзетак. Канцэрт праходзіў ў Беластоку.

‑ Раней Вы шмат малявалі, удзельнічалі ў выставах. Ці працягваеце цікавіцца выяўленчым мастацтвам?

‑Так, канешне. Нават у машыне занатоўваю замалеўкі з натуры, адначасова ўдасканальваю паэтычную думку.

Планую працягваць здзяйсьняць праект з «Нашай Нівай» і рабіць коміксы. На коміксы я хварэў яшчэ з дзяцінства, мы з хлопцамі знаходзілі іх у розных часопісах, абменьваліся, але у нас чамусьці гэты жанр не вельмі развіты. У лепшыя часы я з задавальненнем штомесяц ствараў коміксы для часопіса «Бярозкі», калі мастацкім рэдактарам у ім быў М.Анемпадыстаў.

— Жадаем Вам у гэтым годзе шчасьця, посьпехаў і творчых знаходак!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0