Следчым аддзелам пракуратуры Мінскай вобласці скончана расследаванне крымінальнай справы па абвінавачанні старшыні аднаго з сельскіх выканкамаў у Пухавіцкім раёне ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, крадзяжы грашовых сродкаў з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў, атрыманні хабару, махлярстве і службовым падлогу.

Як паведаміла старшы памочнік пракурора вобласці Таццяна Калініна, службовай асобе прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні 115 эпізодаў злачынстваў.

У асноўным гэта — крадзяжы грашовых сродкаў, якія ўносілі грамадзяне ў якасці аплаты кадастравага кошту выдзеленых ім зямельных участкаў.
Агульная сума выкрадзенага складае больш чым 100 мільёнаў рублёў. Злачынствы былі ўчынены з 2007 года па лістапад 2010 года.

Абвінавачваны прыдумаў, на яго думку, хітрую схему крадзяжоў. Ён падрабляў квітанцыі аб выплаце грамадзянамі грашовых сродкаў, якія сам жа і выпісваў, г.зн. у другі асобнік квітанцыі ўносіў сумы значна меншыя, чым фактычна атрымліваў ад людзей, а розніцу прысвойваў.

Акрамя таго, яму інкрымінуецца незаконнае выдзяленне грамадзянам чатырох зямельных участкаў і два эпізоды атрымання хабару за выдзяленне зямлі ў суме 1.400 і 300 долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?