На рубяжы 2004 і 2005 гадоў пасля выдання нумару, прысвечанага асобе Лукашэнкі, продаж «ARCHE» быў забаронены ў сетцы дзяржаўных кнігарняў, а таксама ў кіёсках «Белсаюздруку». Рэдакцыя на гэта адказала павелічэннем якасці і аб’ёму часопіса, а таксама яго пераходам на штомесячны выхад.

Нумар 6 за 2005 быў апошнім з выпускаў, якія выходзілі раз на два месяцы.
З першага нумару за 2006 часопіс стаў выдавацца штомесяц (за выняткам студзеня і ліпеня).

Склад аўтараў № 6 за 2005 быў зорны.

Віталь Зайка, бліскучы навуковец, які з канца 1990-х гадоў жыве і працуе ў Нью Йорку, раскрытыкаваў лукашэнкаўскую культурную палітыку ў эсэ «Колькі нацыянальнага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі?». Сусветна вядомы амерыканскі эканаміст Андэрс Ослунд разабраў палітэканомію сучаснага расейскага рэжыму ў артыкуле «Акцыі Пуціна падаюць. Чым адкажа Амэрыка?». Віталь Сіліцкі як заўсёды грунтоўна разгледзеў кнігу вядомага брытанскага палітолага Эндру Уілсана «Virtual Politics. Faking Democracy in the Post-Soviet World». Між іншым, Сіліцкі адказаў на асноўнае палітычнае пытанне Беларусі: якім чынам Лукашэнку ўдаецца ўтрымліваць уладу 18-ты год?

Эсэ палітолага Андрэя Казакевіча «Арыенталізм», альбо некалькі заўваг пра «казус Беларусь»» было інспіравана палемікай з каланіяльнымі ўяўленнямі пра Беларусь і сучасны беларускі рэжым. Нягледзячы на доўгатрываласць і пэўную мадэрнасць апошняга, якая між іншым праяўляецца ў выкарыстанні найноўшых электронных сродкаў сачэння за сваімі палітычнымі апанентамі, расейскамоўныя інтэлектуалы традыцыйна апісвалі яго ў катэгорыях «адсталасці», «калхознасці» і «несучаснасці». Адкрыем невялікую таямніцу: у тым ліку дзякуючы гэтай публікацыі яе аўтар атрымаў прэстыжную акадэмічную пасаду ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.

Пётра Рудкоўскі ў аглядзе «Эротыка біблійнага слова» абмеркаваў найноўшыя пераклады Бібліі на беларускую мову, выкананыя Васілём Сёмухам, Янкам Станкевічам і Уладзіславам Чарняўскім. Філосаф Уладзімір Мацкевіч у эсэ «Базіс і свядомасць. Дыялектыка Шаўцова» прасачыў эвалюцыю аналітыка Юрыя Шаўцова з гарачага беларускага адражэнца і сябра сойму БНФ на пачатку 1990-х гг. у добраахвотнага памочніка лукашэнкаўскага рэжыму.

Гісторыкі Андрэй Чарнякевіч і Алесь Пашкевіч у ілюстраваным нарысе «Псіхалогія здрады: беларускі нацыянальны рух вачыма канфідэнта ІІ аддзелу польскага Генеральнага штабу» раскрылі, на жаль, характэрную для цяперашняга беларускага руху сітуацыю, калі відны беларускі дзеяч (у гэтым выпадку — Рамуальд Зямкевіч) становіцца па сумяшчальніцтве агентам спецслужбаў.

Завяршаецца нумар эсэ Змітра Серабракова «Дванаццаты год Лукашэнкіяны», дзе закранаюцца асноўныя творы эпохі, прысвечаныя Лукашэнку — фельетон Анатоля Стрэлянага «Сашка», ананімная паэма «Лука Мудзішчаў», раман Уладзіміра Някляева «Лабух», нарыс Паўла Шарамета і Святланы Калінкінай «Выпадковы прэзідэнт», а таксама рэцэнзіямі гісторыка з Стакгольмскага ўніверсітэту Андрэя Катлярчука «Вікінгі, Русь і загадкавая адсутнасць Полацку» і прафесаркі кафедры славянскіх і германскіх даследаванняў універсітэту Ватэрлоо (Антарыё, Канада) Зінаіды Гімпелевіч «Дзвесце гадоў імперскай фанабэрыі».

Увага! Да 10 снежня гэты нумар (324 старонкі, фармат 165 на 240 мм) можна набыць па цане 25 тыс. рублёў (з улікам кошту перасылкі). Каб аформіць замову, дашліце e-mail з пазначэннем вашага прозвішча, імя і імя па бацьку, а таксама дакладнага паштовага адрасу (абавязкова з індэксам) на адрас [email protected] Для лепшай камунікацыі абавязкова пазначце нумар вашага кантактнага тэлефона.

Увага: у полі «Тэма ліста» пазначайце — «6 за 2005».

Нумар будзе дастаўлены на ўказаны вамі паштовы адрас накладзеным плацяжом.

Аплата па факце атрымання пасылкі — г.зн. грошай наперад высылаць не трэба.

Чакаем вашых замоў!

Аферта дзейнічае толькі на тэрыторыі Беларусі і толькі да вычарпання складскіх запасаў.

E-mail для даведак — [email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?