Аляксандар Казакоў уступіў у «Зубр» у 9-й клясе.

Фота Юліі Дарашкевіч

Дзевяць палітычна матываваных крымінальных справаў было ўзбуджана ў часе прэзыдэнцкай кампаніі. Восем зь іх — супраць юнакоў. Сярод абвінавачаных — моладзевыя актывісты з Барысава Аляксандар Казакоў і Зьміцер Зубро.

Іх затрымалі ўначы 28 сьнежня ў раёне сталічнай Кастрычніцкай плошчы. Хлопцы ляпілі налепкі, калі пабачылі за 50 м ад сябе міліцыянтаў. Паспрабавалі зьнікнуць, завярнулі за рог дому. Калі ўжо спакойна ішлі, удаючы зь сябе звычайных мінакоў, пабачылі, што міліцыянты даганяюць. «Затрымаюць — дык затрымаюць: за налепку могуць даць толькі адміністрацыйнае пакараньне», — вырашылі хлопцы. І дарма. Зьмітра зьбілі з ног, павалілі на зямлю. Заламалі рукі, начапілі кайданкі. Аляксандар пасьпеў толькі сказаць: «Спакойна, мы не супраціўляемся». «Мяне таксама павалілі, сэкундаў праз 20 падбеглі яшчэ пару міліцыянтаў, і нас пачалі жорстка зьбіваць. Нібы мы сапраўды былі злачынцамі. У мяне пералом носа», — кажа А.Казакоў.

Сьпярша на хлопцаў склалі пратакол паводле арт.143 Адміністрацыйнага кодэксу («антысанітарыя»). Але неўзабаве пратакол перапісалі на арт.363 ч.2 Крымінальнага кодэксу — «супраціў работніку міліцыі або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак», што пагражае ім выпраўленчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, ці арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленьнем волі да двух гадоў. «Хацелі супраціўляцца гэтаму рэжыму і адрабіцца адным штрафам? Ня ўдасца!» — сказалі ў міліцыі.

Некалькі дзён хлопцы адбылі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Толькі пры сустрэчы з пракурорам Казакову ўдалося дамагчыся агляду дактароў: зь яго зьнялі пабоі, канстатавалі пералом носу. «Мы патлумачылі пракурору, што наш асноўны прынцып — негвалтоўнасьць. Таму мы не маглі супраціўляцца міліцыі. Пракурор нам адказаў: я разумею вас, але ў мяне ёсьць пратаколы, рапарты міліцыянтаў, дзе гаворыцца, што вы ў грубай форме выказваліся нецэнзурнай лаянкай і супраціўляліся міліцыі».

Справа перададзеная ў суд, але дата працэсу яшчэ не прызначаная. «Думаю, быў нейкі загад — не заводзіць справы па палітычных матывах, бо гэта вялікая інфармацыйная нагода», — выказвае меркаваньне А.Казакоў.

Чаму барысаўскіх актывістаў затрымалі ў Менску? Аляксандар тлумачыць: «Прыехалі да сяброў, вырашылі выявіць актыўнасьць і дапамагчы Менску. Калі ў Барысаве зь сьвечкамі выходзяць 300 чалавек і ў Менску столькі ж... Тут шмат унівэрсытэтаў, але і ціснуць моцна на студэнцкую моладзь». У Барысаве, паводле ягоных словаў, сярод моладзі адчуваецца моцная палітызацыя: цягам апошніх двух месяцаў штотыдзень да моладзевых актывістаў далучаюцца 10—15 ахвотнікаў. Барысаўскія актывісты — яшчэ зусім маладыя хлопцы. Калі іх асудзяць, Артур Фінькевіч страціць сумны тытул «самага маладога палітвязьня».

Зьмітру Зубру крыху больш за 19 гадоў. Скончыў летась Барысаўскі політэхнічны каледж, дзе навучаўся на інжынэра-аўтамэханіка. Мае дачку Карыну, ёй годзік. Да актыўнай палітычнай дзейнасьці далучыўся два гады таму.

Аляксандру Казакову 20 гадоў. Завочна вучыцца ў Менску (БДУІР) на інжынэра-праграміста. Расказвае, што ў «Зубр» уступіў 25 красавіка 2001 г., за дзень да Чарнобыльскага шляху. Вучыўся тады яшчэ ў 9-й клясе: «Пачалося з таго, што пачаў заўважаць графіці на сьценах, налепкі — мне стала цікава, што ж гэта такое».

Бацькі ў Казакова працуюць на БАТЭ: маці — інжынэрам-мэтролягам, бацька — сьлесарам-інструмэнтальшчыкам. Пра Аляксандравы заняткі палітыкай ведаюць яшчэ з таго ж самага 2001 году: «Яны цалкам пагаджаюцца з маімі поглядамі наконт палітыкі, але самі ня хочуць улазіць у палітыку, бо цяпер кантрактная сыстэма: хоць якое непадпарадкаваньне — і кантракт не працягнуць».

Палітыка ня ёсьць для Казакова адзіным інтарэсам у жыцьці. Тры гады таму ён далучыўся да харугвы беларускіх скаўтаў пад кіраўніцтвам Андрэя Аляхновіча ў Крупках. Пазнаёміўся з скаўтамі ў 2002 г. на бардаўскім фэсьце на Крапівенскім полі: «Мне было цікава, што за маладыя людзі такія — у кашулях зялёных, з значкамі. На наступны год мяне запрасілі на раскопкі». Цяпер штолета ён з крупскімі скаўтамі ўдзельнічае ў археалягічных раскопках на высьпе на возеры Сялява.

На пытаньне, ці ёсьць у яго дзяўчына, Аляксандар асьцярожна адказвае: «На гэты момант няма. Пэўна, яна ведала пра мае заняткі. Моцна перажывала за мяне, што кожны дзень пагражае затрыманьнем. Хоць і разумела, што рабіць гэта мусова».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?