Ліпень 1979 года. У калідоры ўнутранай турмы КДБ УзССР адміністратар Ташкенцкай філармоніі Леанід (Дзмітрый Астрахан), злоўлены на арганізацыі «левых» канцэртаў, выпадкова кідае ў адказ на просьбу здаць каго-небудзь «высокага»: «Высоцкага?»
Палкоўніку Віктару Міхайлавічу (Андрэй Смалякоў) толькі гэтага і трэба. І спекулянт, які ўжо рыхтаваўся да таго, каб застацца ў турме надоўга, тут жа выходзіць на волю.

У той самы час папулярны акцёр тэатра і кіно спрабуе выехаць у Парыж, дзе яго чакае каханая і французскія нарколагі: апошнім часам артыст «перасеў» з алкаголю на марфін, і са здароўем у яго ўсё горш. Але ў АВІРы Высоцкага просяць прайсці ў асобны пакойчык, дзе іншы палкоўнік КДБ (Уладзімір Ільін) папярэджвае спевака, каб той сядзеў і не высоўваўся: у Іжэўску арыштаваныя арганізатары падпольных гастроляў, і яго ад’езд будзе інтэрпрэтаваны як спроба схавацца ад следства.

У выніку замест Парыжа Высоцкі ляціць ва Узбекістан разам са сваім сябрам (Іван Ургант), асабістым лекарам (Андрэй Панін) і імпрэсарыа (Максім Леанідаў). Неўзабаве туды ж вылеціць і маскоўская каханая Высоцкага, дзевятнаццацігадовая Таня (Аксана Акіньшына): у Бухары марфіну са свечкай не знойдзеш,
прынцыповыя мясцовыя лекары адмаўляюцца зрабіць укол і пагражаюць міліцыяй, а пад ложкам у кватэры спевака на Малой Грузінскай ляжыць скрынка з сарака ампуламі «лекаў», якое могуць, няхай і часова, выратаваць Высоцкага — яму з кожнай гадзінай усё горш і горш. Супрацоўнікі дзяржбяспекі, дзякуючы праслухоўцы даведваюцца пра тое, што адбываецца, і вырашаюць перахапіць Таню ў ташкенцкім аэрапорце.

Фільм «Высоцкі», сюжэт якога стваральнікі трымалі ў таямніцы да апошняга моманту, мог выйсці любым.

Гэта магла быць карціна пра наркамана і алкаголіка, хулігана, дэбашыра, «расейскага Джыма Морысана». Ці пра дысідэнта і бунтара, які ненавідзеў уладу, але ўсё ж быў аблашчаны ёю. Пра акцёра тэатра і кіно, сябра Шукшына, Параджанава і Таркоўскага. Пра ўсенароднага куміра, чые песні любілі ўсе — ад сакратароў абкамаў да шафёраў-дальнабойшчыкаў, ад супрацоўнікаў НДІ да крымінальнікаў-рэцыдывістаў. Гэта мог быць фільм пра паэта. Нарэшце, пра героя-палюбоўніка.

Стваральнікі першай карціны, фармальна прысвечанай Уладзіміру Высоцкаму, абралі самы нечаканы і ў той жа час самы бяспечны шлях.
Закрануўшы усе пералічаныя варыянты па датычнай, яны знялі фільм, у якім той, прозвішчам якога ён названы, з’яўляецца нячаста. І не шматаблічны, а на здзіўленне безаблічны. І гаворка цяпер не пра тое, падобны ці не падобны пасля ўсіх затрачаных намаганняў на рэальнага Высоцкага той акцёр, чыё імя так старанна хаваецца, але ўсім ужо вядома.

Грымёры і кампутарныя спяцы маглі б так не старацца: змрочна гледзячы з экрана, хрыпіць і абліваецца потам чалавек, які мог бы без страт насіць і іншае (напрыклад, выдуманае) імя — і так, дарэчы, было б правільней за ўсё.

Ён акцёр, але ў фільме адзіны яго выступ не ў Тэатры на Таганцы, а на бухарскім рынку
. Ён бунтар супраць рэжыму, але не кажа ніводнай фразы, здольнай выклікаць падазрэнне спецслужбаў. Ён шалёна папулярны, але стаіць у АВІРаўской чарзе сярод простых савецкіх грамадзян і праходзіць па маскоўскім аэрапорце, нікім не пазнаны. За ім ганяецца КДБ, але з нейкімі туманнымі мэтамі. Яго шалёна любяць дзве жанчыны, але гісторыя іх адносін застаецца за кадрам. Ён паэт, але піша толькі адзін верш — у самым канцы, у самалёце, на пачку Marlboro, адразу начыста, як у раскрытыкаваным некалі Маякоўскім фільме «Паэт і цар». Ён спявак, але ніводная яго песня не гучыць у кадры цалкам, да таго часу, пакуль на экране не з’яўляюцца тытры.
Высоцкі тут — персанаж другарадны, а галоўны герой фільма зусім не ён.

Галоўны герой — палкоўнік дзяржбяспекі Віктар Міхайлавіч.

Сумленны, гатовы ісці на рызыку і спрачацца з высокім начальствам. Змагар за праўду, які выконвае свой абавязак перад грамадствам. Чалавек няпросты, ўдумлівы, які тонка адчувае, а таму ўсведамляе ўрэшце свае памылкі. Ну, а ўжо хто або што падштурхоўвае гэбіста да раскаяння, не так важна. І тут, вядома,
нельга не заўважыць падабенства «Высоцкага» і аскараноснага «Жыцці іншых» знятага немцам Флорыянам Хенкелем фон Донерсмаркам.
Фільмы падобныя не толькі фабулай (і там, і там ператварэнне супрацоўніка спецслужбаў, прыстаўленага высочваць дысідэнта, пад уздзеяннем пачутага з дапамогай «жучкоў»), але і тым, што мінулае, якое можна назіраць на экране, выдуманае.
Вось толькі ГДР фон Донерсмарка — оруэлаўскае пекла, у якім усё шэра, паныла і брудна. А СССР Першага канала — ідэалізаваны свет, у якім жывуць няпростыя і ў глыбіні душы добрыя людзі
(нават эпізадычны гвалтаўнік выглядае хутчэй вартым жалю, чым страшным), дзе ніхто не бярэ хабараў, стукач каецца і рызыкуе сабой, а барыгі і жлабы ад лішку пачуццяў плачуць як дзеці.
«Высоцкі» здымаўся па замовe «Дырэкцыі кіно Першага канала», штодня рэкламуецца па расійскім ТБ і два тыдні таму быў прадстаўлены на закрытым паказе расійскаму прэм’ер-міністру, палкоўніку дзяржбяспекі. Атрымаў яго адабрэнне і выходзіць на экраны за чатыры дні да выбараў.

Нельга ўсё-такі адмаўляць відавочнае.

Зрэшты,

як заўважыў у нядаўнім інтэрв’ю Мікіта Высоцкі, фільм, пастаўлены па яго сцэнары, не байопік
[біяграфічны фільм, заснаваны на біяграфіі рэальнага чалавека — Рэд.] А раз так, то, можа, і не варта папракаць яго стваральнікаў за недакладнасці або палітычную ангажаванасць. Урэшце, асноўная аўдыторыя кінатэатраў — моладзь 20–25 гадоў, якім мала што кажуць прозвішча Высоцкі, абрэвіятура КДБ, словы «Таганка» або «Алімпіяда-80».
Выкажам здагадку, што «Высоцкі» зусім не заказны праект, зняты з мэтай гуманізацыі чэкістаў, а звычайны галівудскі трылер, у якім асноўная інтрыга завязана на скрынку з марфінам, спробы згаданага Віктара Міхайлавіча злавіць злачынцаў, а саміх злачынцаў — ў тэрмін паспець з дастаўкай наркотыку.
Няхай так. Але бяда ў тым, што нават у такой якасці фільм не ўдаўся. Калі да кульмінацыйнай сцэны ў нумары бухарскага гатэля рэжысёру Пятру Буслову ўдаецца неяк нагнятаць напругу, дык пасля таго, як крымінальная інтрыга згортваецца і адбываецца доўгачаканы цуд, на экране застаюцца толькі гутаркі артыста з сябрамі, перамовы службістаў, душэўныя пакуты стукача, слёзы дзевятнаццацігадовай дзяўчыны, маўклівыя разважанні аднаго палкоўніка і здзіўлена маўчанне іншага.
Тыя, хто здольныя ўспрымаць «Высоцкага» толькі як крымінальнае кіно, наўрад ці змогуць ацаніць такі доўгі эпілог.
Ну, а што ж застаецца ўсім астатнім — тым, хто слухаў яго песні на бабінах і касетах? Хто памятае «Кінапанараму», спектаклі, прэм’еру «Месцы сустрэчы» і велізарны натоўп ля Тэатра на Таганцы летам 1980-га? Тым з іх, хто рызыкне ўсё-такі пайсці ў кіно, каб убачыць — ці хаця б пачуць — сучаснага, жывога Высоцкага? Ім застанецца толькі чакаць. Чакаць тытраў, калі за кадрам знаёмы, іранічны і сумны голас праспявае «Баладу пра сыход у рай»
, напісаную Высоцкім за шэсць гадоў да бухарскіх падзей. У тым жа 1973 Высоцкі напісаў яшчэ адну сваю песню, «Помнік». Вось і збылося тое, што прарочылася.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?