У сераду вечарам а 19:30 зь менскай турмы "амэрыканка" вызвалілі "маладафронтаўцаў" Зьмітра Хведарука і Алега Корбана. Яны былі затрыманыя 4 лютага і трое сутак знаходзіліся ў адзіночных камэрах менскай "амэрыканкі" - турмы КДБ. Здавалася, яны паўтораць лёс іхнага старэйшага сябра Зьмітра Дашкевіча, якога пасьля арышту болей ня выпусьцілі.

Аднак артыкул 193 Крымінальнага кодэксу (удзел у незарэгістраванай арганізацыі), паводле якога хлопцы праходзяць падазраванымі, не прадугледжвае ўтрыманьня пад вартай. Прайшло трое сутак, Хведарука і Корбана выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе да суду.

"Наша Ніва" першай узяла невялікае інтэрвію ў Зьмітра Хведарука.

"У прынцыпе, ні на што ня скарджуся, умовы ў турме былі досыць нармальнымі, значна лепшыя, чым на Акрэсьціна. У нас была бялізна, не было патрэбы спаць на голых дошках. Штопраўда, не было прыбыральні, было толькі вядро, куды мы і вымушаныя былі спраўляць сваю патрэбу. Стаўленьне з боку аховы таксама было цалкам нармальным. Сядзелі ў адзіночных камэрах, хоць і побач адзін ад аднаго. У псыхалягічным пляне сядзеньне ў "адзіночцы" было вельмі складаным, не было ніякіх кніжак, каб пачытаць, ты застаесься сам-насам са толькі са сваімі думкамі. Два разы нас выклікалі на допыты. Мяне -- у аўторак, а Алега -- у панядзелак. Сёньня і са мной, і з Алегам таксама быў праведзены невялікі допыт. Яшчэ ў нядзелю, калі "гэбэшнікі" размаўлялі з намі, то былі вельмі прыязнымі, спрабавалі гаварыць нават па-сяброўску. На далейшых допытах задавалі досыць простыя пытаньні, часам па коле, было вельмі цікава назіраць за іх мэтадамі. Узялі падпіску пра тое, што мы ня мае права расказваць пра падрабязнасьці працэсу, а таксама падпіску аб нявыезьдзе з краіны. Яшчэ падпісалі дакумэнты, што ў нас былі канфіскаваныя кампутары і па іх будзе праводзіцца праверка. Кармілі вельмі дрэнна, таму апошнія два дні я трымаў галадоўку. Да апошняга ня верылася, што мяне выпусьцяць, нават калі сёньня адвакат сказаў, што, магчыма, выпусьцяць, я не паверыў у гэта. Мяне падазраюць у кіраваньні менскай арганізацыі "Маладога фронту", а Алега Корбана – у кіраваньні адным з аддзелаў менскай арганізацыі. Зьбіраюся надалей жыць сваім рэальным жыцьцём. Я гатовы ісьці да канца. Таму ад грамадзкай дзейнасьці не адмаўляюся".

Заўтра а 12:00 на ўправе Партыі БНФ адбудзецца прэс-канфэрэнцыя з удзелам Зьмітра Хведарука і Алега Корбана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?