2 снежня ў судзе Партызанскага раёна Мінска пачаўся разгляд пазову інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Партызанскага раёна да Валянціна Стэфановіча. Прадстаўнікі інспекцыі лічаць, што праваабаронца павінен быў плаціць падаходны падатак з грошай, якія пералічваліся яму на рахунак у літоўскім банку.

Стэфановіч пазоў не прызнаў. Ён заявіў, што сродкі пералічваліся яму замежнымі фондамі на праваабарончую дзейнасць для выканання ім дагаворных абавязацельстваў, а таксама для перадачы трэцім асобам і таму не з’яўляюцца яго даходам і падаткаабкладанню не падлягаюць.

Праваабаронца папрасіў суд прыкласці да матэрыялаў справы дакументы з галандскага аддзялення арганізацыі «Міжнародная амністыя» і дацкага фонду па правах чалавека. У іх указваецца, што Стэфановіч сапраўды выконваў дагаворныя абавязацельствы па пагадненні з гэтымі фондамі. Таксама Стэфановіч папрасіў суд прыкласці да справы ліст з Міністэрства юстыцыі Літвы аб тым, што звесткі пра перамяшчэнне грашовых сродкаў па яго рахунку, перададзеныя беларускім уладам, несапраўдныя. Суд гэта хадайніцтва задаволіў.

Прадстаўнікі інспекцыі МПЗ Партызанскага раёна папрасілі суд зрабіць перапынак, каб азнаёміцца з прадстаўленымі Стэфановічам дакументамі. Суд гэту просьбу таксама задаволіў.

Пасяджэнне прадоўжыцца 16 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?