Ад моманту з’яўлення інфармацыі пра тое, што ў краіне ўтвараецца новая сілавая структура — Следчы камітэт — не было звестак, дзе ён размесціцца.

Чытачы паведамілі НН, што новаўтворанаму камітэту перадаюць будынак на вуліцы Фрунзе, у які мусіў пасля рэканструкцыі засяліцца Нацыянальны гістарычны музей.

Будынак па Фрунзе, 19 у савецкія часы належаў Міністэрству абароны і быў сакрэтным — там змяшчаліся штаб тылу Беларускай вайсковай акругі і Вайсковая пракуратура. У часе скарачэння Узброеных сілаў ён быў перададзены Міністэрству культуры. У 2003 г., падчас наведвання Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Лукашэнка пастанавіў аддаць той будынак пад фонды. Бо выстаўных плошчаў у музея катастрафічна мала — ён цясніцца ў будынку на Маркса, 12, частка фондаў захоўваецца ў Музеі Вялікай айчыннай вайны.

У трохпавярховым будынку на Фрунзе,

на плошчы ў 7 тысяч кв м планавалася размясціць рэстаўрацыйныя майстэрні, бібліятэку, стварыць інфармацыйны цэнтр, выставы керамікі, тканін, традыцыйнай вопраткі, старадрукаў — усяго 15 калекцый.

Цэнтральная частка будынка адрамантаваная, цалкам рамонт мае завершыцца ў 2012 годзе. Ці праўда, што сюды ўселіцца Следчы камітэт, а не музей?

«

Ніякіх афіцыйных папер мы на гэты конт пакуль не атрымлівалі
», — кажа намесніца дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Ніна Калымага.

Аднак у прыватных гутарках і ніжэйшыя рангам супрацоўнікі музея, і супрацоўнікі Міністэрства культуры казалі, што такая пагалоска ідзе.

Яе не пацвердзіў, але і не абверг начальнік Аддзела капітальнага будаўніцтва Міністэрства культуры Міхаіл Мацко.

«Я не ўпаўнаважаны даваць вам такія звесткі»
, — адказаў ён НН.

«Музей нікуды не пераязджае. Ён застаецца на месцы», — акцэнтавала іншая адказная супрацоўніца, якая папрасіла не называць яе імя. І таксама адзначыла, што афіцыйнай паперы наконт перадачы будынка пакуль няма:

«Будзе папера — будзе і інфармацыя».

Новаўтвораны Следчы камітэт пакуль не мае ні прэс-службы, ні хоць якога-небудзь кантактнага тэлефона, вядомага Упраўленню інфармацыі МУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?