Зьміцер Хведарук, які ўчора ўвечары выйшаў з «амэрыканкі», сёньня даў прэс‑канфэрэнцыю, дзе расказаў пра падрабязнасьці арышту. Алег Корбан ня змог паўдзельнічаць у ёй, бо быў выкліканы ў РУУС Партызанскага раёну Менску.

Пра само затрыманьне Хведарук расказаў наступнае: «У кватэру, дзе знаходзіліся 24 сябры «Маладога фронту», уварваліся супрацоўнікі АМАПу і КДБ. Нас паставілі тварам да сьценкі, у гэты час супрацоўнікі спэцслужбаў праводзілі на кватэры вобшук. Канфіскавалі кампутары, сымболіку. Пасьля нас усіх разам адвезьлі ў пастарунак, што месьціцца побач з будынкам Савецкага РУУС. Там нас па аднаму пачалі адводзіць на гутаркі. Пасьля нейкі «гэбіст» падышоў да мяне і запытаўся, ці Хведарук я. Ён паказаў мне пастанову, падпісаную генэрал‑маёрам КДБ Кузьняцовым, аб узбуджэньні крымінальнай справы па «Маладым фронце», дзе я праходзіў як падазроны. Дарэчы, у той пастанове гаворыцца, што «Малады фронт» змог згуртаваць вакол сябе частку моладзі, якая падзяляе нацыянальныя каштоўнасьці. Во, значыць, чым мы прыносім шкоду дзяржаве! Пасьля мяне пасадзілі ў нейкі ГАЗік і адвезьлі ў будынак упраўленьня КДБ, што месьціцца на вул.Казлова, 6. Там я і даведаўся, што затрымалі ня толькі мяне, але і Алега Корбана».

У будынку КДБ Хведаруку прапаноўвалі падпісаць шэраг папераў: «Справу вёў капітан Сьвістун. Ён прасіў мяне, каб я падпісаў пакаяньне і адмовіўся ад удзелу ў «Маладым фронце», бо такім чынам я зраблю лепшае для сябе, бо ім і так усё вядома пра «МФ». А «Маладым фронтам» яны абяцаюць канчаткова разабрацца. Што цікава, я мусіў падпісаць пакаяньне на імя старшыні КДБ, а таксама на імя Аляксандра Лукашэнкі. Прапаноўвалі назваць прозьвішчы тых, хто яшчэ ўдзельнічаў у «Маладым фронце», я адмовіўся гэта зрабіць. На гэта мне адказалі: «Глядзі сам, значыць, будзеш сядзець да канца».

Пасьля гэтай працэдуры Хведарука адвезьлі ў будынак «амэрыканкі»: «У ізалятары зараз праходзіць рамонт. Мяне адвялі на нулявы паверх, кінулі ў маленькую камэру, дзесьці два на два мэтры, абабітую паралонам, там я мусіў знаходзіцца, аднак празь некалькі гадзінаў мяне перавялі на другі паверх, далі матрац і накіравалі ў адзіночку, дзе я і змог троху выспацца».

Пра допыты: «Упершыню на допыт мяне адвялі ў аўторак. Вёў яго ўсё той жа капітан Сьвістун. Мне было зададзена каля дваццаці пытаньняў, якія тычыліся дзейнасьці «Маладога фронту». Я ня стаў адмаўляць сваё сяброўства ў «МФ», таксама адказаў, што Зьміцер Дашкевіч зьяўляецца лідэрам нашай арганізацыі. Болей ніякіх адказаў на пытаньні яны не атрымалі, казаў, што ня памятаю альбо ня ведаю. Гэта наша прынцыповая пазыцыя: не адмаўляцца ад свайго сяброўства ў «Маладым фронце». Ня ведаю шчыра ці не, але супрацоўнікі КДБ прапаноўвалі зарэгістраваць «Малады фронт». На мае адказы, што былі зробленыя ўжо чатыры спробы, «гэбіст» адказаў, што варта зрабіць яшчэ адну, бо раптам атрымаецца. Зь ізалятара нас выпусьцілі досыць хутка, нават толкам не праверыўшы, ці ня вынесьлі мы што з камэры. Ахоўнікі сказалі, каб заходзілі яшчэ, будуць нас чакаць».

Зьміцер Хведарук кажа: «Наколькі я зразумеў, спэцслужбы разглядаюць мяне як наступніка Дашкевіча, бо іх цікавіла толькі мая дзейнасьць пасьля верасьня мінулага году».

Таксама Хведарук расказаў досыць цікавы момант, які адбываўся падчас ператрусу ў яго на кватэры: «Іх цікавіў толькі мой кампутар, а таксама адзін ліст ад Зьмітра Дашкевіча. Трэба адзначыць, што гэты ліст быў досыць дзіўным і нехарактэрным для Зьмітра. Ён напісаў у ім, як ён бачыць далейшую дзейнасьць «Маладога фронту», хто мусіць заняць якія пасады ў арганізацыі, мне да сёньня невядома, ці сапраўды яго пісаў Дашкевіч. Астатнія ліст яны не ўзялі, бо сказалі, што яны пустышкі. Забралі толькі гэты».

Хведарук кажа, што такім чынам улады спрабуюць запалохаць моладзь перад веснавымі акцыямі пратэсту: «Новая крымінальная справа супраць моладзевых актывістаў можа значна запалохаць людзей, каб вясной яны не выходзілі на вуліцы. Аднак разам з тым зьяўленьне яшчэ двух палітвязьняў можа канчаткова разьбіць надзеі ўнармаляваць адносіны з Захадам, якія робяцца апошнім часам. Можа менавіта таму нас і выпусьцілі. Спадзяюся, што гэтая справа ня будзе паказальнай і скончыцца ў нашу карысьць альбо нейкім «сымбалічным» тэрмінам. Калі сядзеў у турме, то дакладна зразумеў, што ў Беларусі набліжаюцца нейкія зьмены».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?