Ігар Леднік робіць рэпартаж з «афіцыйнай» акцыі пратэсту ля польскай амбасады улетку 2005. Пікету ў падтрымку Анжалікі Борыс БТ ўпарта не жадала заўважаць.

Фота photo.bymedia.net

Чорны сьпіс

Віцэ-старшыня літоўскай дэлегацыі ў Радзе Эўропы Эмануэліс Зынгерыс будзе курыраваць складаньне сьпісу прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных СМІ, якіх мяркуецца пазбавіць права ўезду ў краіны ЭЗ. Сьпіс меркаваных кандыдатаў на "нявыезд" можна бачыць на сайце belpropaganda.freewebsites.com. У ім фігуруюць імёны кіраўнікоў, рэпартэраў і аглядальнікаў галоўных дзяржаўных тэлеканалаў, а таксама газэтаў "Советская Белоруссия", "Обозреватель" ды "7 дней". Беларускія інфармацыйныя рэсурсы ў Сеціве сьпіс надрукаваць пакуль не наважыліся. Так што "чорны сьпіс" журналістаў існуе, хутчэй за ўсё, толькі віртуальна. Прынамсі, паведамленьне пра яго, мякка кажучы, апераджае падзеі. Але мне падалася цікавай рэакцыя аднаго супрацоўніка БТ, якога я пазнаёміў зь некаторымі імёнамі зь "віртуальнага сьпісу". Пачуўшы імя добра вядомай маладой журналісткі, ён зьдзівіўся: "А яна тут пры чым? Яна проста агучвае ў этэры тэксты, якія пішуць іншыя!"

Сапраўдны (чэсны) журналіст тым і адрозьніваецца ад астатніх, што заўсёды агучвае не свае ідэі, якіх у яго звычайна й няма, а чужыя - ідэі партыі, правадыра, непасрэднага начальства ўрэшце. Але хто пра гэта ведае? Для звычайнага гледача ўлада заўсёды пэрсаніфікаваная - гэта значыць, паўстае ў асобах. І ня толькі кіраўніка дзяржавы, напрыклад, але ў асобах тэле- й радыёвядоўцаў. БТ сёньня для мільёнаў гледачоў - гэта Гроераў, Кавалёва, Красоўская, Леднік, Новікаў, Пракопаў ды іншыя. І нікому з гледачоў няма справы, ці ёсьць у іх сем'і, наколькі яны добрыя бацькі альбо дзеці, наколькі яны адукаваныя, цікавыя й прыемныя людзі ў жыцьці. Яны - твар сёньняшняй улады. І гэтым усё сказана...

Адзін з былых журналістаў дзяржрадыё марыць сустрэць свайго старога знаёмага, які выбіўся ў аглядальнікі, каб "набіць яму морду". Гэтая мара нарадзілася ад бясьсільля. "Набіць морду" ўладзе немагчыма, дык хоць з адным зь яе ненавісных паслугачоў расквітацца б. Але й гэта немагчыма. Бо ўчорашнія калегі жывуць сёньня ў двух розных, паралельных сьветах і ніколі не перасякуцца. Хіба што ў ДТП. Бо адзін дабіраеццца на працу ў трамваі, другі езьдзіць на "мэрсэдэсе".

Зрэшты, "мэрсэдэсам" ужо цяжка каго-небудзь сёньня зьдзівіць. Тое, што ўчора было аб'ектам клясавай нянавісьці, сёньня для многіх становіцца марай, якую можна ажыцьцявіць. Але ж ёсьць у дзяржаўнага журналіста яшчэ адна перавага, якую нялёгка выказаць словамі. Гэта свайго роду абранасьць, прыналежнасьць да своеасаблівай касты.

Каста недатыкальных

У 1980-я мне давялося працаваць на БТ. Тэхнічныя магчымасьці, а тым больш зарплату і ўмовы працы шараговых рэдактараў і рэпартэраў на тагачасным тэлебачаньні нельга нават параўноўваць зь сёньняшнім узроўнем. Яно было шмат у чым правінцыйнае. (Хоць сёньняшняе БТ нашмат больш правінцыйнае, бо амаль канчаткова страціла мову і нацыянальнае аблічча.) Але большасьць супрацоўнікаў - ад рэдактараў да асьвятляльнікаў - адчувалі сябе людзьмі вышэйшага гатунку. Тэлебачаньне і радыё, а таксама цэнтральныя газэты пачувалі сябе тады не "чацьвертай уладай", а як мінімум другой. Так, кіраўніка БТ маглі ў кожны момант выклікаць "на дыван" у ЦК КПБ і ўчыніць разнос. Субардынацыя й партыйная герархія ў "ідэалягічных органах" адчувалася моцна як бадай нідзе. Але менавіта гэтая датычнасьць да ўлады вышэйшай, уяўная блізкасьць да высокіх кабінэтаў напаўняла некаторых дзяржаўных журналістаў пачуцьцем важнасьці сваёй справы, а таксама важнасьці ўласных пэрсонаў. Дый сустракалі здымачныя групы БТ па ўсёй краіне як дарагіх гасьцей: ці ў калгасе, ці на заводзе, ці ў школе, ці ў музэі - паўсюдна пасьля здымак накрываўся стол, выстаўляліся пачастункі з сугрэўнымі напоямі. Улетку 1985-га, у самы разгар гарбачоўскай антыалькагольнай кампаніі, давялося прысутнічаць як рэдактару на здымках невялікага сюжэту для "Панарамы" на Магілёўшчыне (сюжэт быў прысьвечаны барацьбе з п'янствам). Такога стала з такой колькасьцю закусак і гарэлкі мне не даводзілася бачыць нават на вясельлях. Застольле ў рэстарацыі арганізавала раённае начальства. Для тых, хто пажадаў, пасьля была арганізаваная яшчэ й лазьня.

Ня думаю, што з таго часу на БТ зьмянілася шмат - я пра адчуваньне сябе кастай набліжаных да начальства. Альбо кастай тых, каму дазволена ведаць. Інфармацыя, ці нават адчуваньне таго, што валодаеш інфармацыяй, якая не даступная іншым, заўсёды была адным з прывілеяў высокага начальства і спэцслужбаў. У інфармацыйны век гэта становіцца ці ня самым вялікім прывілеем.

Нездарма, калі глядзіш Беларускае тэлебачаньне, цяжка бывае адрозьніць - той або іншы сюжэт падрыхтаваны спэцыялістамі КДБ ці тэлежурналістамі. Іх прафэсія ўсё больш прыпадабняецца да прафэсіі чэкістаў, бо задача тых і другіх ня столькі ў тым, каб распаўсюджваць інфармацыю, колькі дазаваць і скажаць яе дзеля патрэб сыстэмы.

Ёсьць і другі бок мэдаля. Адчуваньне ўласнай выключнасьці характэрнае зусім ня толькі для дзяржаўных журналістаў. Калі вядомая таленавітая журналістка піша, што ў сучаснай Беларусі журналіст павінен быць грамадзкім дзеячам, то цяжка зразумець, чаго тут больш - непавагі да ўласнай прафэсіі ці, наадварот, перабольшваньня яе ролі? Хаця перабольшыць ролю журналістыкі ў наш час, здаецца, немагчыма. Як немагчыма ўявіць безь яе існаваньне сучаснай заходняй цывілізацыі. "Антыкарыкатурныя пратэсты", цягам якіх загінулі дзясяткі людзей ва ўсім сьвеце, прадэманстравалі, што насамрэч ёсьць альтэрнатывай заходняй цывілізацыі й такога яе неад'емнага складніка, як свабода друку. Лёзунг "свабода альбо сьмерць!" у наш час напаўняецца зусім канкрэтным, злавесным сэнсам.

"Другая найстаражытная..."

Нямала журналістаў аддалі свае жыцьці, выконваючы прафэсійны абавязак, - падчас войнаў, збройных канфліктаў, стыхійных бедзтваў. Шмат зь іх станавіліся закладнікамі й вязьнямі - як тэрарыстаў, гэтак і дзяржавы. Іх мужнасьць выклікае захапленьне й павагу. Але наўрад ці хто-небудзь зь іх уяўляў сябе грамадзкім дзеячам, які вядзе за сабой астатніх на бой з тыраніяй. Так, здараліся ў гісторыі выпадкі, калі журналіст адкладваў у бок камэру ці нататнік і браў у рукі вінтоўку. Але на той момант ён пераставаў быць журналістам.

Журналістыка ня лепшая і ня горшая за іншыя заняткі. Яна проста мае спэцыфічныя адрозьненьні ад іншых родаў дзейнасьці. І калі журналіст хоча займацца палітыкай, яму трэба мяняць прафэсію. Альбо яму застаецца займацца партыйнай журналістыкай.

Партыйная журналістыка, прынцыпы якой закладваў Ленін, выявіла сваю трываласьць. Сумны парадокс нашага часу, аднак, палягае на тым, што партыяў, у сапраўдным сэнсе слова, ў Беларусі няма - засталіся групы ды амбіцыі асобных лідэраў, - а прынцыпы партыйнай журналістыкі захаваліся.

Тыя, хто слухаў альбо чытаў матэрыялы он-лайнавай канфэрэнцыі на радыё "Свабода" з удзелам галоўнага рэдактара "Нашай Нівы", зьвярнуў увагу на тое, якая лютая нянавісьць, непрыхаваная злоба скразілі ў некаторых выказваньнях пра газэту. Чамусьці адразу падумалася, што сярод аўтараў тых выказваньняў, пэўна, былі журналісты - і сёньняшнія, і ўчорашнія. Журналісты дзеляцца ня толькі на "чэсных" і "нячэсных". Сярод "нячэсных" таксама можна назіраць падзел, умоўна кажучы, на "нашых" і "нянашых", на сваю тусоўку і чужую. У крытычных сытуацыях - такіх, якія перажывае Беларусь цяпер, калі дэмакратычныя сілы проста абавязаныя аб'яднацца вакол аднаго кандыдата на выбарах, - гэты падзел адбіваецца на грамадзтве самым зьнішчальным чынам.

Зразумела, ва ўмовах адсутнасьці рынку і натуральнай канкурэнцыі сярод недзяржаўных мэдыяў і журналістаў ідзе такая барацьба за выжываньне, што хутка ад прафэсіі журналіста і ў гэтым асяродзьдзі мала што застанецца.

Напрошваецца банальная выснова. Сярод журналістаў - як і сярод фізыкаў, інжынэраў, лекараў ці настаўнікаў - сустракаюцца розныя людзі. Ёсьць сумленныя людзі й непрыстойныя, разумныя й абмежаваныя, таленавітыя й бяздарныя. І дачыненьні паміж гэтымі катэгорыямі людзей прыкладна аднолькавыя ў любой прафэсіі. Але ж ніякая прафэсія не забараняе быць сумленным чалавекам. І да журналіста трэба ўжываць тыя самыя крытэры, што да ўсіх астатніх. Ён не павінен забіваць, красьці, ствараць сабе куміра... І яшчэ ён павінен... сумленна выконваць свае абавязкі. Напрыклад, імкнуцца пісаць праўду, ня лічачы гэта грамадзянскім подзьвігам, а ўсяго толькі элемэнтарным патрабаваньнем прафэсіі.

Хачу ў Савецкі Саюз

Мяне заўсёды хвалявала пытаньне: ці ведае котка, чыё сала зьела? Ці ведае журналіст, які піша заведамую хлусьню альбо бязьмежна хваліць уладу, што ён робіць рэчы, якіх ня робяць у прыстойным грамадзтве, што ён здраджвае сваёй прафэсіі, паводзіць сябе несумленна? Мне здаецца, што ведае.

Калі галоўны рэдактар піша на старонках сваёй вельмі дзяржаўнай газэты, што адзіным сваім недахопам ён лічыць шчырасьць, я гатовы паверыць, што ён сам шчыра верыць у свае словы. Чалавек, асабліва калі ён апынуўся блізка ля вяршыняў улады, можа ў нейкі момант страціць адэкватную самаацэнку. Але калі гэты самы чалавек піша, што беларуская дзяржава стварае ўмовы, каб яе грамадзяне, асабліва моладзь, дасканала авалодалі роднай мовай, то я ў шчырасьць гэтых словаў ня веру. Інакш трэба дапусьціць, што аўтар ня ведае пра няўхільнае скарачэньне колькасьці беларускіх школ і клясаў, ня ведае лёсу Беларускага ліцэю і нават ня ведае, што ў Беларусі дагэтуль няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе ўсе прадметы выкладаліся б па-беларуску. Тады трэба было б казаць аб некампэтэнтнасьці аўтара. А такой думкі нельга нават дапусьціць. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра мэтазгоднасьць. Толькі не рэвалюцыйную, а, калі можна так сказаць, стабільную. Свайго роду мэтазгоднасьць статус-кво - існага стану рэчаў. Вальтэраўскі Кандыд лічыў сьвет, які існуе, найлепшым з усіх сьветаў. І ўсе злачынствы альбо зьдзекі над людзьмі не маглі прымусіць яго зьмяніць сваё меркаваньне аб дасканаласьці сьвету - бо лепшага ж усё адно няма. Так сучасны рэдактар лічыць існы ў краіне лад найлепшым у сьвеце, паколькі лепшага ўсё адно няма ды й ня можа быць. Зрэшты, задоўга да яго нейкі расейскі чыноўнік выказаў падобную думку: мінулае Расеі было цудоўным, цяперашняе становішча - бліскучае, будучыня - асьляпляе!

Успамінаецца стары анэкдот. Настаўніца пытаецца ў першаклясьнікаў: "Якая краіна самая лепшая ў сьвеце?" Дзеці хорам адказваюць: "Савецкі Саюз!" "Дзе жывуць самыя шчасьлівыя дзеці?" - "У Савецкім Саюзе!" - "Дзе дзеткам купляюць новую вопратку, дзе яны штодня весела бавяцца ў розныя цікавыя гульні, дзе іх частуюць цукеркамі ды чакалядай?" - "У Савецкім Саюзе!" Раптам адна дзяўчынка пачынае раўсьці... "Хачу-у-у ў Савецкі Саю-у-у-з!"

Для некаторых дарослых мара тае дзяўчынкі збылася. Ёсьць і цукеркі, і чакаляда, а некаторыя дзяўчынкі, дзякуючы клопату дзяржавы, нават выйграюць конкурсы на Эўрабачаньні. А калі ўлічыць, што ў нас у кватэрах зусім танны расейскі газ, застаецца толькі зарохкаць ад задавальненьня. На шляху да поўнага шчасьця, праўда, застаецца адна непрыемная акалічнасьць: знаходзяцца людзі, якія ня лічаць існы лад дасканалым, а галоўнае, адзіна магчымым. Само існаваньне такіх людзей выклікае столькі гневу ды абурэньня, такія прыступы ярасьці ў дзяржаўнай прэсе і на тэлебачаньні, што міжволі ўзьнікае крамольнае пытаньне: а ці ўсё ў парадку ў гэтай самай дасканалай зь дзяржаваў з самымі чыстымі ў сьвеце гарадамі й вёскамі, фабрыкамі й заводамі, азёрамі й рэкамі?

Вязьні прывілеяў

Навошта траціць столькі паперы, этэрнага часу (за кошт народных грошай, дарэчы), каб спляжыць ды абліць брудам дзеячаў апазыцыі? Ці ня лепей даць ім слова, каб народ сам пераканаўся ў тым, што яны кажуць глупства? Ці народ такі дурны, што не разьбярэцца, дзе чорнае, а дзе белае? Дык хто ж тады лічыць яго быдлам - апазыцыя, як сьцьвярджае прапаганда?

Усе гэтыя пытаньні рытарычныя. Яны таксама народжаныя бясьсільлем. І разуменьнем простай ісьціны. Той, хто прызвычаіўся паважаць і ўслаўляць сілу, разумее толькі мову сілы. Вось калі ўлада зьменіцца (а законаў гісторыі яшчэ нікому не ўдалося адмяніць), тады ўсе сёньняшнія апалягеты рэжыму імгненна перабудуюцца і пяройдуць на бок пераможцаў. Пры гэтым, без усялякіх згрызотаў сумленьня, яны пачнуць лаяць учорашніх правадыроў і ўслаўляць новых. У гэтым не даводзіцца сумнявацца, бо так было ўжо неаднойчы ў гісторыі. Апошнім разам гэта можна было назіраць у гады "перабудовы" і ў першыя гады незалежнасьці Беларусі.

Заўтра яны з задавальненьнем будуць карыстацца свабодай і "правамі чалавека", якія сёньня ўжываюцца дзяржаўнымі мэдыямі выключна ў спалучэньні са словамі "так званыя". Пакуль гістарычныя зьмены яшчэ не наступілі, яны запэўніваюць сябе і іншых, што свабода нікому не патрэбная. Ім сапраўды жывецца няблага ў клетках у якасьці кенараў і канарэек. Толькі гэтую клетку нават залатой не назавеш.

Ва Ўладзімера Вайновіча ёсьць эсэ "Два мира - два Шапиро". Вайновіч апісвае гісторыю, якая адбылася ў Маскве яшчэ да пачатку халоднай вайны. Карэспандэнт амэрыканскага інфармагенцтва Шапіра, гуляючы позна ўвечары, убачыў, што з вокнаў высотнага будынку, дзе месьцілася ТАСС, вырываюцца клубы дыму. Ён выхапіў з кішэні даведнік і кінуўся ў бліжэйшую тэлефонную будку, адкуль патэлефанаваў у пажарную службу, а потым у ТАСС. Ён спадзяваўся атрымаць інфармацыю, каб зрабіць сэнсацыйны рэпартаж. На званок не адразу, але ўсё ж адказаў дзяжурны рэдактар - таксама па прозьвішчы Шапіра. Ён вельмі ўзрадаваўся, бо сам ня мог выклікаць пажарных. Як высьветлілася, супрацоўнікі, якія заставаліся на начное дзяжурства па чарзе, ня мелі права тэлефанаваць з апарата галоўнага рэдактара. Больш за тое, дзяжурных зачынялі за жалезнымі дзьвярыма на ключ, і яны рабіліся вязьнямі ва ўласнай рэдакцыі. Дзякуючы амэрыканскаму карэспандэнту ягоны савецкі цёзка быў уратаваны разам з рэдакцыяй ТАСС. Вядома, паведамленьне аб інцыдэнце зьявілася толькі ў амэрыканскім друку.

Становішча сёньняшніх галоўных рэдактараў беларускіх дзяржаўных СМІ, нягледзячы на ўсе прывілеі, у чымсьці нагадвае становішча, у якім апынуўся савецкі рэдактар Шапіра. Цалкам залежны ад улады, ён заставаўся рабом уласнага "прывілеяванага" становішча. Тое, што цяпер няма патрэбы нікога зачыняць на ноч, што ў рэдакцыі ёсьць Інтэрнэт і іншыя супэрсучасныя сродкі сувязі, што ў кішэні рэдактара ляжыць мабільны тэлефон ды ключы ад крутога аўтамабіля, нічога, насамрэч, не мяняе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?