Працэс па справе Аляксандра Крутога, які пачаўся 6 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, праходзіць у закрытым рэжыме і без яго ўдзелу.

Нагадаем, Аляксандр Круты прадстаўляў на пачатковым этапе суда па справе аб тэракце ў мінскім метро інтарэсы пацярпелай дачкі Інесы, якая пацярпела ад выбуху. У судзе Круты паводзіў сябе вельмі актыўна, выступаў з шэрагам хадайніцтваў, у тым ліку аб пераносе працэсу да адмены ў Беларусі смяротнай кары. 20 верасня Аляксандр Круты быў затрыманы міліцыяй у Мінску па абвінавачанні ў хуліганстве. 22 верасня старшыня суда па справе аб тэракце Аляксандр Федарцоў часткова зачытаў пастанову аб яго затрыманні. У ёй сказана, што Круты «17 жніўня, будучы ў кабінеце адной з медыцынскіх устаноў Мінска, наўмысна ўчыніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і знявагай нормаў маралі». Гэта праявілася ў тым, што ён выліў змесціва двух слоікаў — вадкасць з пахам мачы на галоўнага ўрача. Па накіраванні пракурора Круты быў адпраўлены ў РНПЦ псіхічнага здароўя.

Падчас сённяшняга суда рашэнне аб выдаленні з залы журналістаў, праваабаронцаў і іншых асоб суддзя Аляксандр Кострыкаў прыняў на падставе хадайніцтва пацярпелай Валянціны Чупрык — галоўнага ўрача гарадской паліклінікі № 32. Яна папрасіла разглядаць справу на закрытым пасяджэнні, паколькі пытанне тычыцца «нанясення асабістых знявагаў».

Супраць гэтага выступіла толькі адвакат Крутога Наталля Мацкевіч. Падтрымалі хадайніцтва пракурор, які заявіў, што Чупрык займае кіраўніцкую пасаду, і прызначаны дзяржавай законны прадстаўнік Крутога юрысконсульт 25-й гарадской паліклінікі.

Суд разглядае пытанне аб прымяненні да Крутога прымусовых мер бяспекі і лячэння.

Варта зазначыць, што сям’я Крутых хоча атрымаць прыстанішча ў Германіі. Заяву ў нямецкае пасольства ў Мінску Аляксандр Круты аднёс у верасні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?