Гэты паход і маскоўская аблога былі кульмінацыяй «Літоўшчыны» — сямігадовай вайны між Вялікімі княствамі Літоўскім і Маскоўскім за «цвярскую спадчыну».

Альгерд пад Масквою. Ілюстрацыя з Ліцавога зводу.

Альгерд пад Масквою. Ілюстрацыя з Ліцавога зводу.

У другой палове 1360-х у Цвярскім княстве пачалася тэрытарыяльная спрэчка між кашынскім і мікулінскім князямі. За Васіля Міхайлавіча кашынскага, як за сваяка, заступіліся маскоўскія ўладары, мікулінскі Міхаіл Аляксандравіч папрасіў помачы ў заходняга суседа — Літвы.

У тыя часы Цвярское княства было паўнапраўным гульцом на вялікай палітычнай сцэне. (Анэксаваць яго канчаткова Масква змагла толькі праз стагоддзе, у 1485-м.)

У XIV стагоддзі яшчэ не было відавочна: ці Масква стане цэнтрам прыцягнення ўсходнерускіх земляў, ці Цвер, ці, можа быць, Разань
, дзе сядзеў актыўны і дзейны князь Алег. Цвярскія князі ўладкоўвалі дынастычныя шлюбы на самым высокім узроўні. Не забываймася, што
вялікі князь Альгерд быў жанаты з дачкой цвярскога князя Уллянай, а іх сын Ягайла стаў пачынальнікам каралеўскай дынастыі
, што некалькі стагоддзяў уладарыла на гіганцкай тэрыторыі ВКЛ, Рэчы Паспалітай і сумежных дзяржаў.

Улляна была дачкой таго самага мікулінскага (пазней цвярскога) князя Міхаіла Аляксандравіча, які канфліктаваў з Масквою. У 1367 годзе ён, з дапамогай ліцвінскіх харугваў, адагнаў ад Цверы маскоўскае войска. Каб вырашыць канфлікт мірам, яго запрасілі ў Крэмль. Мітрапаліт Алексій — фактычны кіраўнік дзяржавы пры 17-гадовым князі Дзмітрыі Іванавічу — гарантаваў цвярскому князю бяспеку. Міхаіл папаўся, як Усяслаў пад Оршай: яго схапілі і кінулі ў вязніцу.

Але ў тым самым годзе мусілі выпусціць —

Масква баялася, як сёння сказалі б, «жорсткай міжнароднай рэакцыі». А якраз у Крэмль кіравалася татарскае пасольства.
Князя Міхаіла змусілі цалаваць крыж і падпісаць нявыгадны васальны саюз з Масквой. Аднак той разарваў дамову і ўцёк у Вільню — да зяця. І ўжо ў канцы лістапада 1368-га войска Вялікага княства Літоўскага стаяла пад Масквою.
Як па тагачасным бездарожжы, ды яшчэ ўзімку, праз снягі, магло рухацца вялікае войска?
Зіма якраз была для паходаў лепшым часам, чым вясновая халепа — татары, зваяваўшы ўсю паўночна-усходнюю Русь, не дайшлі да Ноўгарада, бо пачалося разводдзе.

А 

праезджыя дарогі, сведчаць гісторыкі, былі ў нашым краі ад часу з’яўлення колавай павозкі
 — гэта значыць, ад бронзавага веку (2-е — пачатак 1-га тысячагоддзя да н. э.). Не асфальт, вядома, але ехаць можна.

Альгердавы паходы былі імклівыя, дзякуючы конніцы, якая складала вялікую частку літоўскага войска. Але

чым было карміць коней у заснежаных лясах?

Запасы прадуктаў і фуражу для войска былі назапашаныя ў замках, праз якія ішоў вялікі князь.

Калі ж войска выходзіла на чужую тэрыторыю, пачыналася рабаўніцтва. Маскоўскія летапісцы называюць «Літоўшчыну» не менш жорсткай за нашэсце татараў.

Няма як ідэалізаваць: як ва ўсе часы ва ўсіх краінах, цярпелі і свае, вялікалітоўскія падданыя. Яшчэ нават у часе войнаў XVII стагоддзя здараліся выпадкі, калі шляхецкі атрад, дасягнуўшы пункту прызначэння, забіваў мужыка-правадніка, фармальнага суайчынніка, — каб не выдаў.

Паход 1368 года быў першым выпрабаваннем для новазбудаванага «белакаменнага» Крамля.
Каменныя сцены вакол Масквы, замест ранейшых драўляных, што згарэлі ў 1365-м, будаваліся аўральнымі тэмпамі ў 1367 годзе — за адзін сезон: ўзімку навезлі камень, а цяплом склалі муры агульнай працягласцю 2 кіламетры з трыма брамамі. У гэтай гіганцкай па тых часах будоўлі бралі ўдзел дзве тысячы чалавек.
Ініцыятарам умацавання горада быў мітрапаліт Алексій, які пераканаў маскоўскую эліту, што згрупаваць вакол Масквы землі суседзяў мірам не ўдасца.

Альгерд прастаяў пад сценамі Масквы ўсяго тры дні — прыйшлі звесткі пра вялікі рэйд лівонскіх рыцараў, войска мусіла вяртацца, каб бараніць сваё княства. Дый, відаць, літоўская конніца не была звыклая да аблогі.

Вайна працягнулася праз два гады, у 1370-м. Дазнаўшыся, што войска ВКЛ разбітае крыжакамі ля Рудавы, Дзмітрый Іванавіч напаў на Цвер. Альгерд з Кейстутам рушылі на Маскву ў Калядны пост і ўжо 6 снежня абклалі яе. Узяць Крэмль злёту не ўдалося, а ўдзельныя князі збіралі войскі на помач Маскве. Альгерд і Дзмітрый замірыліся на паўгода, і ліцвіны сышлі.

Водгулле тых паходаў даносіцца праз легенду, запісаную ў «Хроніцы Быхаўца» — пра тое, як Альгерд, у адказ на пахвальбу Дзмітрыя Іванавіча быць у Літве «па краснай вясне, па ціхім леце», раптоўна з’явіўся на Паклоннай гары пад Масквой на Вялікдзень (як добры госць — з чырвоным яйкам) і прыхіліў сваю дзіду да маскоўскіх муроў. А Дзмітрый мусіў адкупіцца ад ліцвінаў.

Нагадвае гісторыю пра шчыт Алега на варотах Царграда, праўда? Але

гэта, найхутчэй, прыгожая легенда: ніводзін з маскоўскіх паходаў Альгерда не адбываўся ўвесну, на Вялікдзень. У 1368-м нашы продкі з’явіліся пад Масквой у канцы лістапада, у 1370-м — 6 снежня.
Хоць нейкія факты рытуальнага прыніжэння маскоўцаў, накшталт «прыхілення дзіды» маглі быць.

Цікава, як адбывалася сустрэча двух вялікіх князёў.

18-гадовы Дзмітрый Іванавіч — будучы Данскі, — напэўна, глядзеў на 70-гадовага Альгерда, легендарнага ўладара, з пэўным гонарам:
вось якога ворага маю!

Трэці паход Альгерда, у 1372 годзе, скончыўся «стаяннем» двух войскаў ля Любуцка пад Масквою. У тым паходзе браў удзел і малады Вітаўт, аднагодак Дзмітрыя Іванавіча, і Андрэй Альгердавіч Полацкі, які праз восем гадоў будзе саюзнікам Масквы на Куліковым полі.

Альгерд змушаны быў падпісаць мір, адмовіўшыся дапамагаць Міхаілу.
Эфектныя паходы на Маскву не далі вялікага палітычнага выніку.
Цвярскі князь Міхаіл урэшце прызнаў сябе «малодшым братам» Дзмітрыя Іванавіча і паабяцаў падтрымліваць яго супраць татараў. Хоць і сам быў рэальным прэтэндэнтам на пасад уладзімірскіх князёў (хто яго меў — лічыўся галоўным князем Залескай Русі). Пасля Кулікоўскай бітвы Масква прыняла такую ж клятву вернасці ад разанскага князя.

Альгерд і Кейстут здолелі рассунуць межы сваёй дзяржавы на поўдзень, вызваліўшы Кіеўшчыну ад татараў, паспяхова процістаялі крыжакам.

Магчыма, узмацненне Масквы ўладары ВКЛ, занятыя надзённымі справамі, не лічылі рэальнай пагрозай для сябе.
І праглядзелі ўзмацненне канкурэнта.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?