06 12 2011 17:26

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя на валютным рынку Беларусі спакойная. Аб гэтым старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова далажыла Аляксандру Лукашэнку 6 снежня ў ходзе рабочай сустрэчы.

«Сітуацыя на валютным рынку сёння спакойная. Насельніцтва прадае валюту. І з улікам таго, што беларускі рубель крыху ўмацоўваецца адносна долара, насельніцтва нават павялічыла продаж», — адзначыла Надзея Ермакова.

Так, за перыяд пасля адкрыцця дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы 14 верасня насельніцтва прадала амаль $640 млн. З гэтай сумы банкі рэалізавалі на біржы $550 млн.

У сваю чаргу ўзраслі аб’ёмы абавязковага продажу валюты. Калі да ўвядзення адзінай сесіі штодзень прадавалася амаль $28 млн., то на сённяшні дзень гэта лічба ў сярэднім складае $40–41 млн.

Апошнім часам у прадпрыемстваў і арганізацый напярэдадні канца года крыху павялічыліся патрэбнасці ў куплі валюты на пагашэнне крэдытаў. Тым не менш, паводле слоў кіраўніка Нацбанка, снежань у плане абстаноўкі на валютным рынку будзе спакойным, ёсць дастатковыя рэсурсы для задавальнення попыту з боку юрыдычных асоб.

Таксама адбылося некаторае паляпшэнне ліквіднасці банкаўскай сістэмы. Нацыянальны банк скараціў падтрымку банкаў прыкладна на Br500 млрд.

Надзея Ермакова таксама канстатавала, што эканоміка краіны крыху скараціла прыцягненне крэдытаў, што звязана з павышэннем стаўкі рэфінансавання і адпаведна ростам працэнтных ставак па крэдытах. Гэта рабілася Нацыянальным банкам наўмысна для таго, каб знізіць інфляцыйныя чаканні і ўтрымаць рост інфляцыі.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ўмацаваліся ў сувязі з паступленнем $2,5 млрд. ад продажу пакета акцый «Белтрансгаза». Нацбанк разлічвае, у тым ліку за кошт атрымання другога траншу ў памеры $440 млн. з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, выйсці на неабходныя аб’ёмы ЗВР, якія планаваліся на канец 2011 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?