Суд Маскоўскага раёна Мінска пастанавіў прымяніць да Аляксандра Крутога прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Рашэнне абвясціў 6 снежня суддзя Аляксандр Кострыкаў.

Пасля ўваходжання прысуду ў сілу Круты будзе накіраваны ў стацыянар са звычайным назіраннем. Пакуль ён застанецца пад вартай у жодзінскай турме. Дачка Крутога Інеса і адвакат Наталля Мацкевіч заявілі журналістам, што маюць намер абскардзіць рашэнне суда.

Каментуючы рашэнне суда, Інеса Крутая абурана заявіла: «Аказваецца, у нас у турме лечаць». На яе думку, бацьку пакаралі за тое, што ён думае і адстойвае сваю пазіцыю.

Падчас працэсу Інеса Крутая была дапытана ў якасці сведкі. Яна паведаміла журналістам, што расказала суду пра некалькі канфліктаў яе сям’і з персаналам сталічнай паліклінікі № 32, якія тычыліся лячэння спачатку яе маці, а затым самой Інесы.

Сведкам інцыдэнту, па якім у дачыненні да бацькі была распачата крымінальная справа за хуліганства, яна не была.

Крутая мяркуе, што крымінальны пераслед бацькі звязаны з судовым разборам па справе аб тэракце ў мінскім метро, па якім яна праходзіла пацярпелай, а бацька абараняў яе інтарэсы. Яна лічыць, што калі б была неабходнасць, бацьку затрымалі б адразу пасля інцыдэнту ў паліклініцы, а не пасля пачатку працэсу над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым. Тады, нагадала Інеса Крутая, бацька задаваў суду «нязручныя пытанні», прапаноўваў адмяніць смяротную кару. Яна ўпэўнена, што бацьку затрымалі і ўзялі пад варту, каб адхіліць ад удзелу ў судзе.

20 верасня Аляксандр Круты быў затрыманы міліцыяй у Мінску паводле абвінавачання ў хуліганстве. 22 верасня старшыня суда па справе аб тэракце Аляксандр Федарцоў часткова зачытаў пастанову аб яго затрыманні. У ёй сказана, што Круты «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінеце адной з медыцынскіх устаноў Мінска, наўмысна ўчыніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і знявагай да нормаў маралі». Гэта праявілася ў тым, што ён выліў змесціва двух слоікаў — вадкасць з пахам мачы — на галоўнага ўрача. Паводле накіравання пракурора Круты быў адпраўлены ў РНПЦ псіхічнага здароўя.

Сям’я Крутых хоча атрымаць прыстанак у Германіі. Заяву ў нямецкае пасольства ў Мінску Аляксандр Круты аднёс у верасні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?