07.12.2011 / 09:28

Беларускія палярнікі адправіліся ў Антарктыду 3

6 снежня стартавала чарговая беларуская палярная экспедыцыя.

Як паведаміў начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў (РЦПД) Уладзімір Філімонаў, сёння беларускія палярнікі вылецелі з Мінска ў Кейптаўн праз Абу-Дабі.

Сёлета з улікам эканамічнай сітуацыі ў Антарктыду накіравалі толькі двух беларусаў
 — кіраўніка экспедыцыі намесніка начальніка РЦПД Аляксея Гайдашова і супрацоўніка Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы БДУ Віктара Дзёміна. Яны будуць працаваць у складзе 57-й расійскай антарктычнай экспедыцыі.

7 снежня беларускія палярнікі далучацца да расійскіх калегаў на судне «Акадэмік Фёдараў», а 10-га «Акадэмік Фёдараў» накіруецца з Кейптаўна ў Антарктыду. Прыбыццё палярнікаў на расійскую станцыю «Маладзёжная» чакаецца 18 снежня.

Беларускім палярнікам неабходна выканаць комплекс навуковых даследаванняў, а таксама інжынерна-тэхнічных і лагістычных мерапрыемстваў. Гайдашоў будзе праводзіць біялагічныя, геалагічныя, геафізічныя і шэраг іншых даследаванняў, Дзёмін — азонаметрычныя, а таксама даследаванні аэразольнага і газавага складу атмасферы з пункту гледжання ўплыву на глабальныя змены клімату.

Як паведаміў незадоўга да ад’езду ў экспедыцыю Гайдашоў, даследаванні складу атмасферы з’яўляюцца асабліва цікавымі: расіяне такіх не праводзілі. Антарктыда, адзначыў ён, з’яўляецца ідэальным палігонам для вывучэння празрыстасці атмасферы і ўтрымання ў ёй завіслых часцінак — гэта самы чысты мацярык, на якім мінімізаваныя антрапагенныя ўздзеянні. Любое вывяржэнне вулкана, глабальны перанос прамысловых выкідаў будуць добра прасочвацца на лядовым мацерыку, што дазволіць зрабіць заключэнне пра іх уплыў на клімат.

З трох з паловай месяцаў у Антарктыдзе два з паловай беларускія палярнікі будуць працаваць аўтаномна ў палявым лагеры каля базы «Гара Вячэрняя». Яны зоймуцца перакансервацыяй і абслугоўваннем абсталявання ў гэтым палявым лагеры. Беларусы таксама возьмуць удзел у абсталяванні трасы, якая звяжа «Гару Вячэрнюю» са станцыяй «Маладзёжная». Акрамя таго, абодва палярнікі возьмуць удзел у падрыхтоўцы ўзлётна-пасадачнай паласы каля расійскай станцыі «Маладзёжная».

Вяртанне палярнікаў на радзіму чакаецца ў канцы мая.

0
Paliasouschchyk / Адказаць
07.12.2011 / 12:22
Pospiechau! Kab Hajdaschou - U Antarkcidze haj znajschou !
0
Бенедзікт / Адказаць
07.12.2011 / 15:35
Беларускія палярнікі адправіліся ў Антарктыду ---------------------------------------------- Які прагрэс! Хутка спадарожнік закінуць... Гэта ж трэба, Чэхія, Славакія, Грузія, Галяндыя, Бельгія ... адсталі ад шырокіх крокаў "хрустальнава сасута".
0
Зміцер / Адказаць
08.12.2011 / 03:16
Бенедзікт, ужо адзін (БелКА) закінулі)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру