6 снежня ў Мінску, у Нацыянальным гістарычным музеі, адбылася ўрачыстая прэзентацыя часткі адшуканага архіва Усевалада Ігнатоўскага і перадача яе ў дар музею.
У 2011 годзе споўнілася 90 гадоў Інстытуту беларускай культуры (з 1929 года — Беларуская акадэмія навук, цяпер — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі), 130 гадоў з дня нараджэння першага прэзідэнта акадэміі Усевалада Ігнатоўскага, а таксама 80 гадоў з дня яго смерці.
На урачыстай цырымоніі дырэктар музея Сяргей Вечар адзначыў: «У тыя змрочныя часы, вы ведаеце, калі чалавек знікаў, знікалі і яго родныя, блізкія, знікалі яго архівы, матэрыялы — каб нічога пра яго не напамінала. Таму вельмі важна, што гэтыя матэрыялы — невялічкая частка архіва Усевалада Ігнатоўскага, якая захавалася ў віхуры дваццатага стагоддзя, дзякуючы канкрэтным людзям патрапілі да нас у музей».
Паводле слоў дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслава Даніловіча, з імем Ігнатоўскага звязана цэлая эпоха ў гісторыі Беларусі, ён адыграў вялікую ролю ў станаўленні беларускага нацыянальнага руху, быў яго актыўным удзельнікам.
«Архіў Ігнатоўскага цалкам не захаваўся, — расказаў Сяргей Вечар, — таму гэта невялікая яго частка мае выключную каштоўнасць. Тут ёсць нават некаторыя фотаздымкі з выявай Ігнатоўскага (аб гэтым казаў сёння Уладзімір Ляхоўскі), якія мала хто ведае. І увогуле дакументы перыяду 1921–1927 гадоў — найбольш плённага перыяду дзейнасці вучонага і палітычнага дзеяча — дадаюць новыя рысы да яго жыцця і творчасці. А для музея яшчэ важна, што гэта мемарыяльныя рэчы, якія маюць непасрэднае дачыненне да такога выдатнага дзеяча Беларусі».