Карэспандэнт «Народнай волi» параўнала асартымент i сервiс гарадской i вясковай гандлёвых кропак

...Вёска Дубраўскiя Хутары Старадарожскага раёна, у якой наскрабецца жыхароў 40, магчыма, ужо i Богам забытая. А вось аўталаўцы на яе забывацца нельга. Двойчы на тыдзень «магазiн на колах» прыязджае да сваiх сцiплых клiентаў з такiм жа сцiплым асартыментам тавараў. Вяскоўцы так i гавораць: «Пайду ў машыну па хлеб». Старэнькi грузавiчок, добра пабiты жыццём на прасёлкавых дарогах, характэрны кiславаты дух унутры «гандлёвага павiльёна», i вадзiцель, ён жа прадавец, чамусьцi абавазкова прыцярушаны мукой — вось ён, сялянскi гандлёвы сервiс.

А што ў той час у Мiнску? Гастраномаў у маiм мiкрараёне некалькi. Два з iх даволi вялiкiя. Адзiн — «Радзiвiлаўскi», як паведамiў ягоны дырэктар, нават класа «прэмiум», гэта значыць, што тут прапануюць максiмальна шырокi асартымент тавараў i гарантуюць высокую культуру абслугоўвання пакупнiкоў. Чысцiня, кветкi, люстэркi, па‑мастацку аздобленыя вiтрыны, нават акварыум i афрыканскае бунгала — гэта адзiн з лепшых магазiнаў у Мiнску. На самыя запатрабаваныя катэгорыi тавараў Галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мiнгарвыканкама даводзiць да гандлёвых кропак мiнiмальны асартыментны пералiк — колькi розных вiдаў цi гатункаў прадуктаў абавязкова павiнна прысутнiчаць на палiцах. Як зазначыў дырэктар, у яго магазiне даўно не заглядвалi ў той спiс, бо клiентам тут прапануюць выбар намнога больш шырокi. А таваравед запэўнiла, што нават позна ўвечары пакупнiк можа разлiчваць толькi на аднаго хлеба гатункаў 20.

Пытаюся ў вадзіцеля той жа вясковай аўталаўкі, якi хлеб ёсць? Адказ — прасцей няма куды: «Чорны i белы». Калi i iснуе для мабiльнага гандлю нейкi спушчаны зверху мiнiмальны асартыментны пералiк, то ён зусiм мiнiмальны. Тое, што пры мне прапанавалi вяскоўцам, чамусьцi нагадала франтавы паёк: хлеб, цукар, соль, запалкi, папяросы, крупы (здаецца, пярлоўка), адзiн гатунак макаронаў, алей, простае мыла... На ўсе Дубраўскiя Хутары засталося ўсяго 4 каровы. Але малочнымi прадуктамi мясцовыя гандляры парадаваць бабулек асаблiва не спяшаюцца. Улетку салодкае малако не возяць зусiм — дагэтуль далёка не ўсе аўталаўкi аснашчаны халадзiльнiкамi. Кефiр ды смятану прывязуць, калi iх не раскупяць у вёсках, што былi на маршруце першымi. А вось «вадкая валюта» гарэлка i вiно, як жартуюць у народзе «пладова‑выгаднае», ёсць у продажы пастаянна.

Мiж тым танны алкаголь стаў сапраўднай праблемай для майго суседняга прэзентабельнага магазiна. Па словах дырэктара, неяк зусiм не спалучаецца «прэмiум» клас i «чарнiла» на палiцах. Выйсце было знойдзена ў тым, каб адкрыць аддзел «вiно‑гарэлка» з асобным уваходам. Акрамя бутэлек, там i прыкусiць што ёсць. Кiраўнiк гандлёвага цэнтра неяк збянтэжыўся: «Можа, я i не правы, што так людзей падзялiў: хто пiць — направа, хто есцi — налева. Няхай мяне прабачаць, але пэўная катэгорыя пакупнiкоў, згадзiцеся, можа выклiкаць некаторы дыскамфорт. Уваход у асноўны гандлёвы зал у нас нiкому не забаронены, аднак аматары »зялёнага змея» ўсё ж аддаюць перавагу таму маленькаму аддзелу. Спадзяюся, усiх гэта задавальняе».

Iснуе сапраўдная навука пра тое, як прыцягнуць пакупнiка ў магазiн. Маўляў, трэба паставiць невялiчкую пякарню непадалёк ад уваходу, каб водар свежага хлеба нiкому не дазволiў абмiнуць тыя самыя дзверы. У аўталаўкi на Хутарах усё куды прасцей — пасiгналiў на перавулку ды пачакаў, пакуль бабулi прыклыпаюць з супрацьлеглага канца вулiцы. Нiякiх спакус тут не патрэбна, ды iх i няма. Дзеля справядлiвасцi адзначу, што пакупнiкi могуць даваць заказы гандлярам мабiльных магазiнаў, толькi сцiплыя вяскоўцы чамусьцi не вельмi карыстаюцца гэтай паслугай. Можа, i таму, што акрамя дзяржаўнай «машыны» сюды калi‑нiкалi наведваюцца камерсанты. У iх i кава з гарбатай ёсць, i селядцы ды каўбаса, i хуткага прыгатавання супы, макароны, а таксама кансервы, масла, маргарын, крупы, ёсць нават замарожаныя прадукты (прыватнiкi хутчэй знайшлi неабходнае абсталяванне) i штосьцi салодзенькае. Вось i атрымлiваецца, што ў аўталаўцы сяляне пакiдаюць тысяч па пяць, зрэдку хто дастане дзесятку.

У сталiчных магазiнах i разлiкi сталiчныя. Зноўку вяртаемся ў мой суседнi гандлёвы цэнтр. Сярэднi чэк у снежнi 2006‑га тут складаў 20 тысяч рублёў. Але зусiм нярэдка i за адзiн візіт заможныя клiенты могуць атаварыцца на 300 — 400 тысяч. Напрыклад, у адзiн са студзеньскiх выхадных свайго пакупнiка дачакаўся каньяк за 2 мiльёны. А вось стравусiныя яйкi не пайшлi напалову. Iх было ўсяго 2, каштавалi каля 50 тысяч. Прадалi адно, другое, калi тэрмiн рэалiзацыi быў на зыходзе, вярнулi пастаўшчыку.

Галаўным болем прыгожых магазiнаў, якi зусiм не турбуе супрацоўнiкаў аўталавак, застаюцца зладзеi. Крадуць амаль усё. Прычым прафесiяналаў не спыняюць нават сучасныя магнiтныя сiстэмы кантролю i вiдэакамеры. Па словах дырэктара, яго магазiн штодня не далiчваецца бутэлькi дарагога алкаголю.

I яшчэ адзiн момант, на якi нельга не звярнуць увагi. У свой час Мiнiстэрства гандлю сумесна з Саветам мiнiстраў спрабавала ўвесцi нарматыў па колькасцi айчынных i iмпартных тавараў на палiцах магазiнаў. Iншае пытанне, цi прытрымлiваўся гэтых правiл хаця б хто‑небудзь, але ў снежнi iх адмянiлi. Кожная гандлёвая кропка зараз сама можа вырашаць, колькi замежнага дабра ёй прадаваць. Не буду казаць за ўсiх, але хто перавыконваў усе нарматывы па заклiку «Купляйце беларускае!», дык гэта аўталаўка, што абслугоўвае Дубраўскiя Хутары. Калi ў ёй не сто працэнтаў тавараў «дамарошчаных», дык 99 — дакладна.

Мы будуем гiпермаркеты i не можам паўнацэнна забяспечыць прадуктамi глыбiнку, мы вязём з ферм у горад малако i пры гэтым не можам давесцi яго ў суседнiя вёскi, мы столькi гадоў намагалiся зрабiць роўнымi ўмовы жыцця ў гарадах i сельскай мясцовасцi. Няўжо бляск нельга ацанiць, не параўнаўшы яго з галечай? Бляск сталiчных гандлёвых цэнтраў i сапраўдную галечу раённай аўталаўкi? Цi памяняецца тут што‑небудь? Цi мы ў беларускай традыцыi скажам: «А мо яно так i трэба?..»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?