Уступленне Расіі ў СГА стварае рызыку страты Беларуссю канкурэнтаздольнасці на расійскім рынку ў доўгатэрміновай перспектыве,
паведамляе намеснік міністра эканомікі РБ Аляксандр Ярашэнка ў адказе на дэпутацкі запыт, які паступіў з ніжняй палаты парламента.

«Ёсць шэраг негатыўных фактараў і перш за ўсё рызыка страты расійскага рынку ў доўгатэрміновай перспектыве», — гаворыцца ў лісце намесніка міністра.

«…Значна ўзрасце прыток замежных інвестыцый, што забяспечыць развіццё і далейшую мадэрнізацыю расійскіх прадпрыемстваў і, як вынік, выцясненне беларускай прадукцыі з расійскага рынку», — прызнае Ярашэнка.

«Не вытрымаюць канкурэнцыі з боку не толькі замежных, але і расійскіх тавараў стратныя беларускія прадпрыемствы, а таксама суб’екты гаспадарання, якія карыстаюцца непасрэднай бюджэтнай падтрымкай», — падкрэсліваецца ў лісце.

У той жа час, на думку Ярашэнкі, для Беларусі ў кароткатэрміновай перспектыве асаблівых пераваг і страт уступленне Расеі ў СГА не прынясе.

Ярашэнка таксама паведаміў, што ў адпаведнасці з расійскімі абавязаннямі, узятымі пры ўступленні ў СГА, пачатковы ўзровень ставак увазных мытаў узгоднены не ніжэйшы за дзейны.

«Дадзеныя ўмовы не супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі», — растлумачыў ён.

«Расія, з’яўляючыся сябрам СГА, абавязаная выконваць абавязанні, прынятыя ёй пры ўступленні ў дадзеную арганізацыю. У выпадку адступлення ад тых ці іншых абавязанняў Беларусь мае права звярнуцца ў суд ЕўрАзЭС», — адзначыў Ярашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?