Прадпрымальнік Уладзімір Глушакоў, які з’яўляецца сузаснавальнікам ТДА «Агранэкс», абвінавачвае Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (ГГУ) у шматлікіх парушэннях закона.

Уладзімір разам з кам-паньёнамі займаецца выпускам камплектавальнікаў для жалюзі. Вытворчыя і складскія памяшканні іх кампаніі ТДА «Агранэкс» знаходзіліся ў мінскім раёне Уручча. Права аператыўнага кіравання аб’ектам мела Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, з якім і была заключаная арэндная дамова. «Згодна са статутам ГГУ памяшканні маглі быць толькі перададзеныя ў арэнду. Іншага прымянення для іх не можа быць», — удакладняе Глушакоў. Дамову заключылі ў 2004 годзе. «Яна бестэрміновая, перазаключаецца кожныя 11 месяцаў і можа быць разарваная па ўзаемнай згодзе альбо пры невыкананні адным з бакоў сваіх абавязкаў», — тлумачыць прадпрымальнік.

У канцы 2006 выйшаў указ № 575 «Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю». Ён даваў структурам, за якімі было замацавана права аператыўнага кіравання збудаваннямі, памяшканнямі і машынамі, дадатковыя магчымасці, але не распаўсюджваўся на маёмасць, дамова наконт якой была заключаная да ўступлення ў сілу закона. «Да канца 2006 ГГУ хацела перазаключыць дамовы з усімі арандатарамі, каб яны як мага хутчэй трапілі пад дзеянне ўказа», — згадвае прадпрымальнік. Ён ад дадатковага пагаднення адмовіўся.

Напружанне нарастала, «Агранэксу» па патрабаванні ГГУ была адключаная электрычнасць, што зрабіла працу прадпрыемства немагчымай. У сувязі з гэтым прадпрымальнік спасылаецца на арт. 585 Грамадзянскага кодэкса, згодна з якім арэндная плата мусіць быць зменшаная, калі ў сілу абставінаў, за якія арандатар не адказвае, умовы карыстання памяшканнем істотна змяніліся.

Галоўнае пытанне, на якое прадпрымальнік і ГГУ маюць розны адказ, зводзіцца да таго, ці скасаваная дамова арэнды. Прадстаўнік «Агранэкса» не паставіў свой подпіс пад дакументам, ды і суд сваім рашэннем не разрываў дамовы.

Урэшце ў снежні 2008 суд усё ж запатрабаваў ад «Агранэкса» вызваліць памяшканне. Да гэтай фармулёўкі Уладзімір Глушакоў падышоў літаральна: «Мы арандавалі не „памяшканне“, а сем памяшканняў. Якое з іх трэба вызваліць? У рашэнні суда такога адказу няма». Па дакументах ягонае прадпрыемства ўсё яшчэ займае раней арандаваную тэрыторыю, на што і скардзіцца ГГУ.

Да суда Глушакоў мае асобныя прэтэнзіі. Ён сцвярджае, што суд прымаў падробленыя ГГУ дакументы і самавольна змяняў фармулёўкі законаў. «Я ў сваіх зваротах называю іх злачынцамі, а яны робяць выгляд, што не бачаць гэтыя фармулёўкі, і не адказваюць на іх».

Тым не менш, па рашэнні суда «Агранэкс» павінен заплаціць за нібыта існуючую запазычанасць больш за 30 мільёнаў рублёў. «Але мы не павінны ні рубля! — перакананы Глушакоў. — Ні суд, ні ГГУ не даюць тлумачэння, адкуль узятыя лічбы. Больш за тое, паводле бухгалтарскага ўліку прадпрыемства ўсё яшчэ мае больш за 1000 еўра перадаплаты за арэнду».

Цяпер ГГУ працягвае спробы спагнаць грошы з прадпрымальніка.

«Мая сітуацыя — добры прыклад для інвестараў, як працуюць дзяржаўныя арганізацыі ў Беларусі. Кіраўніцтва справамі атрымала маёмасць у аператыўнае кіраванне, а цяпер спрабуе захапіць яе ў парушэнне закона. І ўсё гэта адбываецца пры маўклівай згодзе судоў», — падсумоўвае Уладзімір Глушакоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?