З 2013 года ў Беларусі будзе забаронены продаж тэлевізійных прыёмнікаў, не абсталяваных цюнерамі для прыёму лічбавага тэлевяшчання. Аб гэтым паведаміла кансультант упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Ларыса Камарова 7 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Цяпер, паводле яе слоў, у гандлі можна набыць чатыры мадэлі тэлевізараў «Віцязь» з лічбавымі цюнерамі, сем мадэлей «Гарызонта», а таксама больш чым 50 мадэлей замежнай вытворчасці.

Камарова патлумачыла, што забарона на продаж тэлевізараў без лічбавых цюнераў звязана з абавязацельствамі Беларусі ў 2015 годзе поўнасцю перайсці з аналагавага на лічбавае тэлевяшчанне.

Намеснік міністра інфармацыі Дзмітрый Шадко адзначыў, што да канца года падключыцца да лічбавага пакета з васьмі тэлеканалаў зможа 94% насельніцтва Беларусі.

Аднак, як паведаміў начальнік сектара тэлебачання, радыёсувязі і радыёвяшчання аддзела стратэгіі развіцця ўпраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Віктар Зайцаў, насельніцтва не гатовае актыўна падключацца да лічбавага тэлевяшчання ў сувязі з высокім коштам лічбавай прыстаўкі — 450–600 тысяч рублёў.

За 11 месяцаў гэтага года, паведаміў кансультант упраўлення бытавой тэхнікі і электронікі Міністэрства прамысловасці Мікалай Глазко, насельніцтва набыло 20 тысяч лічбавых тэлевізійных прыставак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?