Праколатым брывом ці пупком сёння наўрад ці каго здзівіш. У пошуках іміджу ды новых адчуванняў маладыя і не вельмі беларусы робяць «тунэлі» ў вушах, прабіваюць пераноссе і носяць завушніцы ў… інтымных месцах.
Мінскі пірсер з «Салона 3000», Уладзімір Федарук, займаецца пракалываннем розных частак цела з 15 гадоў (зараз яму 23). У 2007 Уладзімір праславіўся тым, што за 52 хвіліны здолеў утыкнуць у цела сваёй сяброўкі ажно 378 медыцынскіх іголак.
«Наша Ніва»: Якія віды пірсінгу часцей робяць беларусы?
Уладзімір Федарук: Часцей за ўсё да нас звяртаюцца, каб пракалоць пупок, вушы ці нос. Пупок — гэта звычайны пракол.
Праз пару гадоў, відаць, цяжка будзе знайсці дзяўчыну, якая не мае там завушніцы.Тое ж тычыцца і носа. Хто любіць насіць дарагія ювелірныя ўпрыгожванні — гэта дадатковая нагода «начапіць» золата.
«НН»: Ці носяць упрыгожванне ў пупку падчас цяжарнасці?
УФ: Па-рознаму. Адны здымаюць завушніцу за пару тыдняў да родаў, іншыя — за некалькі месяцаў. Пасля цяжарнасці дзірка можа зарасці. Некаторыя прыходзяць потым перапракалываць.
«НН»: Якія ёсць супрацьпаказанні для пірсінгу?
УФ: Гэта наяўнасць радзімак, нейкіх скурных ці алергічных рэакцый, экзэмы ў месцы праколу. Калі чалавек знаходзіцца ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап'янення, нават на наступны дзень пасля ўжывання такіх рэчываў не рэкамендуецца рабіць пракол. Сасуды пашыраюцца, і будзе шмат крыві.
Пры дрэннай згушчальнасці крыві зноў-такі пірсінг непажаданы.Быў выпадак: паставілі звычайны «цвічок». Пайшла кроў. Каб спыніць яе, пайшло некалькі бутэлечак перакісу. Пры экстрэмальных відах (як інтымны пірсінг) мы запытваем, ці ёсць хваробы сэрца.
«НН»: Даведка ад доктара патрабуецца?
УФ: Не. Усё ж такі чалавек, які вырашыў пракалоць тое ці іншае месца на целе, мусіць сам ведаць пра сваё здароўе.
«НН»: Што Вы адносіце да экстрэмальных відаў пірсінгу?
УФ: Усё тое, што не класіка. То бок не вуха, нос, пупок, брыво ці вусны. Хоць зноў-такі,
і ў вуху можна зрабіць экстрэмальны пракол.Напрыклад, «тунэлі». Альбо пракалоць храсток такім чынам, каб адно ўпрыгожванне праходзіла праз некалькі дзірак.
«НН»: Што такое септум, брыдж і пласкасны пірсінг?
УФ:
Септум — гэта пракол пераносся.Мяркую, што папулярным стала дзякуючы вакалісту Prodigy Кейту Флінту. Брыдж — пракол носавай перагародкі. Пласкасным называюць пірсінг на шыі, хвастцы, руках. Часам робяць каля лакця, зверху над грудзямі. «Мінус» такіх праколаў — даволі цяжка зажываюць. Больш за 50% зробленых работ не прыжываюцца, нават пры наяўнасці якасных упрыгожванняў з біяпласту ці тытану.
Кошт такіх упрыгожванняў — $7—15.Часам людзі шкадуюць грошай на якасныя ўпрыгожванні. Некаторыя віды пірсінгу, як пракол паміж пальцаў (звычайна паміж вялікім і указальным), я называю «пірсінг аднаго дня» — зрабіць і пафоткацца. Гэта надзвычай непрактычна. Рукі — бруднае месца, пірсінг тут зажывае даволі доўга.
«Карсет» — яшчэ адзін прыклад пірсінгу аднаго дня для фотасесіі.
Робіцца на спіне ў выглядзе некалькіх парных праколаў кольцамі, паміж якімі потым перацягваецца стужка (як быццам вы зашнуроўваеце карсет).Рабіць яго можна, але трэба мець чалавека, які б дапамагаў даглядаць гэту «прыгажосць».
«НН»: Як даўно ў нас з’явілася мода на «тунэлі» ў вуху?
УФ: Гадоў 8 таму гэта яшчэ было дзівацтвам. Дзіркі ў вушах расцягвалі хто чым: ад зубачыстак да калпачкоў ад ручак.
Першапачаткова лепш зрабіць «тунэль» на 6-8 мм, не болей. Пры большым памеры можа парвацца мочка вуха (калі яна малая).Ёсць такая разнавіднасць завушніц, як плагі (калі не бачна дзіркі). У мяне быў «тунэль» на 1 см. Прахадзіў з ім паўгода, потым недзе за месяц «тунэль» зацягнуўся.
Калі вы вырашылі расцягнуць вуха больш, чым на 13 мм, то вярнуць першапачатковы стан можна будзе толькі хірургічным шляхам. А гэта у некалькі разоў даражэй за сам пракол.
Апроч вушэй, «тунэлі» робяць на вуснах (але рэдка) і на носе.
«НН»: Па інтымны пірсінг часта звяртаюцца?
УФ: Так, і ў апошні час усё болей.
Інтымны пірсінг — гэта пракол саскоў і непасрэдна полавых органаў.Існуе шмат відаў і назваў такіх праколаў. Адзін з самых распаўсюджаных праколаў для жанчын — капюшон клітара. Найбольш вядомы для мужчын — «Прынц Альберт».
«НН»: Гэта, напэўна, вельмі балюча, ці выкарыстоўваецца анестэзія?
УФ: Мы ўвогуле не робім анестэзію. Пракол менш балючы, чым увядзенне анестэтыка. Так, бывае, што кліенты крычаць падчас працэдуры.
Дарэчы, жанчыны трываюць лепш за мужчын.Сам пракол — гэта секунда. Балюча толькі ў гэты момант. Ну і безумоўна, чалавек хвалюецца, паколькі інтымны пірсінг не самы звычайны. Плюс інтымнага пірсінгу — ён адносна добра зажывае. З інтымным пірсінгам праблем меней, чым, напрыклад, з праколатым языком, калі некалькі тыдняў ёсць абмежаванні ў ежы. Аднак калі вы зрабілі пірсінг у інтымным месцы, то 3-4 тыдні варта ўстрымацца ад сэксу.
«НН»: Ці ўплывае пірсінг саскоў на кармленне грудзьмі?
УФ: Было шмат прыкладаў таго, што з праколатым саском малака выдзяляецца не менш, чым з непраколатым. Пры правільным доглядзе і якасным упрыгожванні ніякіх праблем не ўзнікае.
«НН»: Хто робіць інтымны пірсінг і для чаго?
УФ: Робяць мужчыны і жанчыны аднолькава. Узрост — ад 18 да 50 гадоў. Прыходзяць і сямейныя пары. Робяць гэта, каб атрымаць новыя адчуванні падчас сэксу.
Але калі чалавека перашпачаткова не задавальняў увесь працэс сэксу, то наўрад ці трэба чакаць цудаў ад пірсінгу.
* * *
Даведка: пракол пупка, вуснаў, мочкі вуха, храстка вуха, язык, нос, брыва каштуе ад 86,5 тысяч рублёў. Экстрэмальны пірсінг – ад 196 тысяч.