Абрад «Цягнуць Каляду на дуба» вёскі Навіна Бярэзінскага раёна і традыцыі закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў вёскі Семежава Капыльскага раёна прызнаныя нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі.

Такое рашэнне прынята нядаўна на пасяджэнні навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Традыцыйны

абрад «Цягнуць Каляду на дуба» завяршае калядныя гулянні. Яго абнавілі ў 1990-я і з таго часу праводзяць штогод.
Абрад не памірае, дзякуючы мясцоваму народнаму абрадаваму калектыву, сабрана мноства фота-, відэа-, аўдыёматэрыялаў.
Пачынаецца дзея звычайна з упрыгожвання Каляды (у залежнасці ад мясцовых традыцый гэта альбо кола ад калёс, на якім размяшчаецца сена і гаршчок з куццёю, альбо сноп, альбо барана).
Затым вясёлая працэсія кіруецца да высокага дрэва, дзе ўдзельнікам абраду трэба павесіць або пасадзіць Каляду на дуб — ад грому і каб буслы сяліліся. У некаторых вёсках захаваліся звычаі разбіваць палкамі гліняны гаршчок з куццёю так, каб каша разляцелася ў розныя бакі як мага далей — да добрага ўраджаю. Гэта ахвяра прыродным стыхіям і душам продкаў. У асобных мясцовасцях падпальваюць сена і такім чынам клічуць вясну.

Традыцыі закладнога ткацтва ў вёсцы Семежава захаваліся з даўніх часоў, хоць такая тэхніка была раней распаўсюджаная не толькі ў Мінскай, але і ў Гомельскай, Магілёўскай абласцях. Ад XIX стагоддзя іншыя рэгіёны адышлі ад гэтай методыкі, на Капыльшчыне ж яна выкарыстоўвалася аж да 1980-х. Вядома больш за 20 узораў, вытканых мясцовымі майстрыхамі ўручную. Цяпер традыцыі працягваюць у школе ткацтва, створанай у Семежаве па сумесным праекце ЕС і ПРААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні».

Раней у Мінскай вобласці статус гісторыка-культурнай каштоўнасці прысвоены каляднаму абраду «Цары» вёскі Семежава Капыльскага раёна (ён унесены і ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА), калектывам «Глыбокія крыніцы» вёскі Закальнае, «Павалякі» вёскі Абчын, «Журавушка» вёскі Ямінск Любанскага раёна, абраду «Шчадрэц» вёскі Рог Салігорскага раёна.

Да 2015 года Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі можа папоўніць таксама тэхналогія поясапляцення вёскі Сакаўшчына Валожынскага раёна, народная проза казачніцы Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай з вёскі Магільна Уздзенскага раёна.

Найбольш перспектыўнымі для атрымання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў найбліжэйшай будучыні з’яўляюцца такія аб’екты, як «Ланская кадрыля» (танец, характэрны для вёскі Лань Нясвіжскага раёна), Будслаўскі фэст (Мядзельскі раён), абрад выклікання дажджу (Лагойскі раён)
.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?