Нядаўна здымаў на радзіме Ангелы Меркель. Многаму здзівіўся.

Размаўляў з яе настаўніцай расійскай мовы, суседам па хаце. Ездзіў у школу, дзе яна вучылася. Школа як школа, без залатых унітазаў. Спытаў у дырэктара, а дзе партрэт канцлера Меркель. Ён не зразумеў адразу, чаму мяне гэта цікавіць. Ці зрабіў выгляд, што не зразумеў. Сказаў, што афармленне школы зацвярджаецца бацькамі. А настаўніца Меркель, старая, але добрая камуністка засмяялася і прызналася, што першы раз ёй задаюць такое пытанне, хоць інтэрв’ю яна давала мноства: «Але я падазравала, што журналісты з Расіі пра гэта спытаюць. Цяпер партрэта Меркель няма, таму што раней у нас усюды вісела занадта шмат партрэтаў».

Справа ў тым, што Ангела Меркель нарадзілася ў Заходняй Германіі, але бацькі пераехалі ва Усходнюю, калі дзяўчынцы споўнілася ўсяго 3 месяцы.

На радзіме канцлера ФРГ добра ведаюць, што такое культ асобы.

Напрыклад, у школе, дзе вучыўся Аляксандра Лукашэнка, ёсць цэлы музей пра «бацьку беларускага народа».

Але яшчэ больш мяне ўразіла дача канцлера ФРГ. Знаходзіцца яна ў невялікай вёсцы за 10 км ад роднага горада Меркель, Тэмпліна. Звычайны двухпавярховы дамок. Гэтым летам пабудавалі новы плот, таму што занадта шмат з’явілася цікаўных журналістаў. Але суседнія хаты альбо зусім плотам не абгароджаныя, альбо абгароджаныя дэкаратыўнымі, празрыстымі платамі.

Мне здалося, што дача наогул не ахоўваецца, але калі мы пачалі здымаць, з’явілася паліцыя. Праверылі дакументы, папрасілі за плотам дачы канцлера не здымаць. Яшчэ хвілін праз дзесяць прыехаў афіцэр службы аховы. Спытаў, хто мы і адкуль, і пайшоў.

Мы пашвэндаліся па пустыннай восеньскай нямецкай вёсачцы і паехалі ў Берлін.

Меркель у гэты момант дома не было. Каля яе плота стаіць сіні біятуалет. Ім карыстаецца ахова.

Мне здаецца, што асабістая сціпласць вялікіх кіраўнікоў наўпрост звязаная з жыццём простых грамадзян. Чым раскашней жыве кіраўнік, тым горш простым людзям і цяжэйшы палітычны рэжым у краіне. І наадварот.

Вось Аляксандр Лукашэнка ўвесь час на публіцы прыбядняецца, маўляў нічога не назапасіў, а сыны жывуць ледзь не ў інтэрнаце. «Беларускі партызан» спрабуе ўсачыць за ўсімі месцамі адпачынку Лукашэнкі. І зрабіць гэта няпроста.

У беларускага лідара 10 рэзідэнцый у розных частках краіны.

«Дальняй дачай» Лукашэнкі лічыцца «Азёрны». Гэтая рэзідэнцыя знаходзіцца ў Астрашыцкім гарадку — недалёка ад Мінска ў бок Лагойска. У савецкія часы тут была Загарадная рэзідэнцыя маршала Цімашэнкі. На выпадак небяспекі на яе тэрыторыі знаходзіцца бункер, які павінен вытрымаць нават ядзерны ўдар. Лукашэнка падвысіў абароназдольнасць «Азёрнага», загадаўшы абнесці рэзідэнцыю і сасоннік вакол яе трохметровым плотам з калючым дротам наверсе. За плотам — ахоўныя вышкі з пражэктарамі, а ўздоўж яго ўзараная паласа. Побач з рэзідэнцыяй знаходзяцца дачы творчай эліты краіны — артыстаў, мастакоў і музыкаў.

Нядаўна на беразе ўнікальнага возера Паўночны Волас на Браслаўшчыне пабудавалі чарговую рэзідэнцыю для Лукашэнкі. Для аб’екта выбранае ўнікальнае месца — тэрыторыя заказніка «Міжазёрны», дзе да гэтага часу забаранялі нават паліць вогнішчы і прыязджаць на аўтамабілях. Лекавыя гліны возера Паўночны Волас параўноўваюць з глінамі Мёртвага мора.

Беларускі кіраўнік пабудаваў сабе дачу нават у Расіі, у Сочы, на гарналыжным курорце ў Краснай паляне. Галоўная вартасць горнай рэзідэнцыі беларускага прэзідэнта — адкрытасць. На яго дачы ў адсутнасць гаспадара зможа жыць любы беларускі чыноўнік высокага і не вельмі рангу. Аляксандр Рыгоравіч будзе асабіста адбіраць кандыдатаў на адпачынак у яго апартаментах і пасылаць на горнакліматчны курорт па прафсаюзнай пуцёўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?