Палітвязьні

14 лютага пракурор Першамайскага раёну Менску адмовіў Марыі Фінькевіч у просьбе сустрэцца з сынам Артурам.

Працэс над Зьмітром Касьпяровічам пачнецца 27 лютага ў Маскоўскім судзе сталіцы.

Міколу Статкевіча, які адбывае тэрмін пакараньня ў Баранавічах, перавялі 15 лютага з хатняга рэжыму ў спэцынтэрнат у сувязі з «складаным апэратыўным становішчам».

Андрэя Клімава 17 лютага перавезьлі з Крупкаў у в.Баршчоўка (Рэчыцкі р-н, Гомельская вобл.).

Крымінальныя справы

З праваабаронцы Аксаны Новікавай, якую вінавацяць у выкарыстаньні фальшывага пашпарту, 15 лютага ўзялі падпіску пра нявыезд.

Такую ж падпіску з актывіста групы А.Мілінкевіча ў Астраўцы Івана Крука 17 лютага ўзяў сьледчы пракуратуры.

Выключэньне ў Баранавічах

Сержука Марчыка 18 лютага выключылі з Баранавіцкага дзяржунівэрсытэту пасьля таго, як суд аштрафаваў яго на 580 тыс.руб. за ўдзел у Дні салідарнасьці 16 студзеня.

У Магілёве

14 лютага ў Магілёве падчас вывешваньня расьцяжкі да Дня салідарнасьці затрыманыя моладзевыя актывісты Аўген Сувораў і Крысьціна Шацікава. У дачыненьні да Я.Суворава завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад вайсковага абавязку, хоць прызыўная камісія прызнала яго непрыдатным для вайсковай службы: хлопец мае кепскі зрок.

З Магілёўскага дзяржунівэрсытэту 14 лютага выключылі студэнтку журналісцкага аддзяленьня факультэту славістыкі Марыну Цьвяткову, якую двойчы затрымлівалі міліцыянты ў студзені на вулічных акцыях. Афіцыйная прычына — «непасьпяховасьць».

У ноч на 17 лютага невядомыя зламысьнікі ў Магілёве ўзламалі офіс Партыі БНФ: з памяшканьня зьнікла друкаваная прадукцыя і два тэлефоны.

У Гомелі

14 лютага пракуратура Чыгуначнага раёну Гомелю перадала ў суд справу грамадзкага актывіста Сьвятаслава Шаламава: яго затрымалі з улёткамі й налепкамі «Нам хлусяць» і абвінавацілі ў парушэньні выбарчага заканадаўства.

Дэпутата Гомельскага гарсавету Юр’я Глушакова затрымалі 17 лютага й канфіскавалі 11 тыс. улётак з карыкатурамі: бамжы зьбіраюць на сьметніках пустыя бутэлькі. На яго склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі, зьмест якой наносіць урон дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку. 20 лютага яго аштрафавалі на 10 базавых велічыняў (290 тыс.).

У Барысаве

14 лютага падчас распаўсюду ўлётак да Дня салідарнасьці затрыманыя Наста Грышчанава, Людміла Маёрава, Паўліна Дзінісава. У іх кватэрах прайшлі ператрусы. Дзяўчаты падалі скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні міліцыі.

Маці актывіста Мацея Бяляя затэлефанавалі 17 лютага дадому і пагражалі, што яна страціць працу, калі сын ня спыніць палітычную дзейнасьць.

19 лютага па падазрэньні ў распаўсюдзе налепак да Дня салідарнасьці затрыманыя Міхась Кандрашоў і Алесь Маўчанаў.

«Роўныя ўмовы»

Каля Ліды 13 лютага міліцыя затрымала аўтамабіль з актывістамі групы А.Мілінкевіча Анатолем Хацком, Сяргеем Мальчыкам, Сяргеем Антусевічам. Канфіскавалі 1200 асобнікаў газэты «Народная Воля».

14 лютага міліцыя ўварвалася ў прыватную кватэру Карнея Пятровіча ў Баранавічах, дзе сабраліся Віктар Мезяк, Уладзімер Гоўша, Мікола Северцаў, Віктар Аляхновіч, Міхал Мінін, Аляксандар Галькевіч — актывісты групы А.Мілінкевіча. На ўсіх складзены пратаколы за ўдзел у несанкцыяваным сходзе: міліцыянты заявілі, што дазвол на сход на прыватнай кватэры трэба браць у гарвыканкаме.

15 лютага з Гарадзенскага ўнівэрсытэту выключылі студэнта 3-га курсу Яўгена Скрабутана, пакаранага напярэдадні штрафам за распаўсюд каляндарыкаў з партрэтам А.Мілінкевіча. Адміністрацыя заявіла, што гэта другое парушэньне за час навучаньня, што ёсьць падставай для выключэньня.

15 лютага Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка Віцебскага штабу адзінага кандыдата, суд аштрафаваў на 58 тыс.руб. (2 б.в.) за каляндарыкі з партрэтам А.Мілінкевіча, сканфіскаваныя зь яго аўтамабіля пры перавозцы перад Новым годам.

Бываюць і такія правакацыі: 16 лютага ў Ашмянскую пракуратуру выклікалі зьбіральнікаў подпісаў Тацяну Клімовіч і Аўгена Невідомскага: іх вінавацяць, што зьбіралі подпісы падманам — выдавалі сябе за актывістаў групы Лукашэнкі.

У Віцебску 19 лютага затрымалі ўдзельнікаў агітацыйнага пікету Ўлада Токарава й Кастуся Перагуда. Іх зьвінавацілі ў незаконным пікетаваньні: маўляў, агітацыйныя пікеты ставіць няможна.

Пінскі гарвыканкам забараніў Сяргею Касьцюковічу ладзіць 24 лютага пікет «Няма дэмакратыі — няма посьпехаў», бо ўлады палічылі, што гэты лёзунг распальвае «сацыяльную варожасьць у горадзе».

Не пусьцілі ў Менск

Пад Лідай і ля Шчучына затрымалі машыну, у якой з Горадні ў Менск на рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты 17 лютага ехалі С.Мальчык, Мікола Лемяноўскі, Уладзь Скапа.

17 лютага супрацоўнік Шчучынскага РУУСу Кузьняцоў П.Н. выдаў позву на імя Ляшкевіча С.В., аформленую з парушэньнем п.1.арт.216 КПК РБ (цалкам адсутнічаў радок «у якасьці каго»).

У Лідзе затрымалі Станіслава Судніка. Каля Ваўкавыску затрыманая машына з 5 актывістамі. У Воршы Васілю Леўчанкаву скасавалі папярэдне замоўленае месца ў маршрутнай таксоўцы, якой ён меркаваў ехаць у Менск. Моладзеваму актывісту Ігару Казьмерчаку 16 лютага ўвечары нечакана прынесьлі позву з ваенкамату.

У Мастах у Зьмітра Кухлея міліцыянт цікавіўся, ці мае той машыну, і патлумачыў, што шукаюць чалавека, які зьбіў пешахода ўвосень 2004 г.

Пры выезьдзе з Гомелю быў затрыманы прыватны мікрааўтобус Уладзімера Шыцікава з 7 актывістамі (сярод іх дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Віктар Хоміч, Уладзімер Сякерка), якіх пратрымалі 3 гадзіны.

У Сьветлагорску затрымалі аўтамабіль актвіста апазыцыйнай Партыі БНФ Уладзімера Раманішкі, які ехаў у Менск з 3 паплечнікамі. У іх сканфіскавалі плякаты «Сьветлагорск — за Мілінкевіча».

Пры ўезьдзе ў Менск затрыманы легкавік Валер’я Рыбчанкі з Жлобіна. Яму паведамілі, што падазраюць у забойстве таксоўца, і адпусьцілі толькі пасьля сустрэчы А.Мілінкевіча з выбарцамі.

У Маладэчне на чыгуначным вакзале міліцыянты затрымалі Алеся Капуцкага: яму заявілі, што ягоная куртка падобная да курткі чалавека, падазраванага ў крадзяжы жаночай сумкі. У пастарунку яго ўжо перакваліфікавалі як сьведку злачынства.

Палохаюць землякоў Мілінкевіча

У Горадні 13 лютага ў кватэры Андрэя Мялешкі і бацькоў актывіста Вадзіма Саранчукова адбыўся ператрус: супрацоўнікі міліцыі паказалі пастанову пракурора з Ваўкавыску, дзе заведзеная справа па палітычных графіці. Міліцыя забрала 7 бляшанак фарбы, якой карыстаўся бацька Саранчукова — мастак-вітражыст. У Мялешкі канфіскавалі некалькі ўлётак, выдадзеных у 1996 і 1999 г.

У Мастах ператрус па той самай справе адбыўся 15 лютага ў хаце дэпутата райсавету Алеся Зарамбюка, актывіста ПБНФ, і ў Зьмітра Кухлея. У Кухлея забралі сыстэмны блёк кампутара, відэакасэты, дыскі, друкаваную прадукцыю.

У Рэчыцы

16 лютага ў Рэчыцы пасьля акцыі ў Дзень салідарнасьці міліцыянты затрымалі Вольгу Дзімітрук, Аляксандра Крывашэева і Аляксея Бандарэнку.

У Полацку

У Полацку пасьля акцыі былі затрыманыя Любоў Кучынская і Аляксандар Белабародаў. На іх склалі пратаколы за распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных зьвестак.

Ня стой са сьвечкамі

17 лютага ў Менску адбыліся суды над моладзевымі актывістамі, затрыманымі падчас Дня салідарнасьці. Алега Мяцеліцу асудзілі на 15 сутак арышту, хаця сьведкі — міліцыянты А.Бахар і А.Ярашэвіч — не змаглі назваць месца затрыманьня. Паўла Фігурына, Барыса Гарэцкага і Алега Корбана асудзілі на 10 сутак арышту.

Перамогі й паразы прафсаюзаў

Каб дыскрэдытаваць лідэра суполкі прафсаюзу РЭП Уладзімера Тузава, адміністрацыя Магілёўскага заводу штучнага валакна 15 лютага праверыла яго на ўжываньне алькаголю. Аргумэнты Тузава, што ён як гіпэртонік прымае штодня сьпіртазьмяшчальны прэпарат, пасьля якога 2 гадзіны нельга праходзіць тэст, плёну не далі.

Аршанская пракуратура 14 лютага абавязала адміністрацыю заводу прапускаць на тэрыторыю прадпрыемства старшыню суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў заводу «Лёс» (г.Барань, Аршанскі раён, Віцебская вобласьць) В.Леўчанкава.

У Сьветлагорску

Пракуратура Сьветлагорскага раёну (Гомельская вобл.) 14 лютага распачала дысцыплінарную справу супраць намесьніка начальніка Светлагорскага райаддзелу міліцыі Пятра Зыкуна. Яго вінавацяць, што зьнішчыў заяву актывіста ТБМ 19-гадовага Андрэя Музычэнкі.

У Астраўцы

Міліцыянты правялі 17 лютага «прафіляктычную гутарку» з выдаўцом і рэдактарам бюлетэню «Інфарматар» (наклад 299 ас.) Андрэем Шадурам з Астраўца. Іх цікавіла, дзе і за якія сродкі выдаецца бюлетэнь.

Палякаў памятаюць

16 лютага памежнікі забралі пашпарт у Анджэя Пісальніка, які вяртаўся з Варшавы ў Горадню. У Польшчу Пісальнік праехаў праз Расею і Ўкраіну. Аналягічная сытуацыя ў Анжалікі Борыс, якая вярталася ў Беларусь 18 лютага.

19 лютага ў Беларусь не пусьцілі карэспандэнта «Gazety Wyborczеj» Вацлава Радзівіловіча, не зважаючы на беларускую візу і акрэдытацыю беларускага МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?