Пытанні, якія тычацца фармавання парадку дня пасяджэння Рады калектыўнай бяспекі, запланаванага на 20 снежня, абмеркавалі 8 снежня ў Мінску Аляксандр Лукашэнка і генеральны сакратар Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) Мікалай Бардзюжа. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Беларусь зараз старшынюе ў АДКБ. «Засталося некалькі дзён да правядзення, я мяркую, вельмі сур’ёзнага пасяджэння Савета калектыўнай бяспекі, дзе мы павінны разабрацца з шэрагам унутраных праблем, найперш звязаных з пазіцыяй Узбекістана па асобных пытаннях. Ад гэтага ўжо нікуды не дзенешся, пра гэта ўсе ведаюць», — сказаў Лукашэнка.

«Ведаю, што праблем і пытанняў шмат, і рубам пастаўлены шэраг прынцыповых пытанняў, яны з’яўляюцца лакмусавай паперкай для далейшага існавання АДКБ. Таму хацелася б абмеркаваць шэраг праблем, якія ўзнікаюць зараз, і па меры магчымасці зняць іх да пасяджэння СКБ», — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

Генеральны сакратар АДКБ у сваю чаргу падкрэсліў, што год пад старшынствам Беларусі «быў адным з самых выніковых». «Тыя прыярытэты, якія выпрацавала Беларусь і якія цягам года рэалізоўвалі ў арганізацыі, далі вельмі сур’ёзны імпульс развіццю АДКБ», — заявіў ён.

Бардзюжа паведаміў пра тое, як ідзе падрыхтоўка да пасяджэння Рады калектыўнай бяспекі, а таксама аб рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых прэзідэнтамі 12 жніўня ў Астане. «Яны будуць, відаць, асноватворнымі з пункту гледжання абмеркавання на пасяджэнні СКБ 20 снежня», — сказаў генеральны сакратар АДКБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?