09.12.2011 / 13:46

ТБМ стварыла беларускамоўную версію Правілаў дарожнага руху 3

Правілы выйдуць кнігай пасля праверкі ў Цэнтры прававой інфармацыі.

«Гэта сапраўдная ручная праца. — кажа намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.- Разам з энтузіястамі Юрасём і Святланай Гецэвічамі мы стварылі поўны пераклад».

Кніга гатовая. Яна прайшла экспертызу ў Інстытуце мовы і літаратуры Акадэміі Навук. У панядзелак энтузіясты панясуць яе ў Цэнтр прававой інфармацыі на праверку. Пасля ТБМ зможа выдаць яе. Разам з правіламі створаны і канспект для падрыхтоўкі да здачы іспыту на правы кіроўцы.

У той жа час дзяржаўны Цэнтр прававой інфармацыі таксама стварае беларускамоўную версію Правілаў, таксама неафіцыйную. Каб зацвердзіць такі дакумент афіцыйна трэба спецыяльны ўказ кіраўніка краіны.

З розначытаннямі адных і тых жа тэрмінаў сутыкнуліся і ў ТБМ падчас лінгвістычнай экспертызы. Калі паглядзець на праўкі, то складаецца ўражанне, што некаторыя тэрміны эксперты Акадэміі Навук рэкамендавалі змяніць на бліжэйшыя да расійскага варыянту.

Напрыклад, «аўтацягнік» — на «аўтапоезд», «паганятага скаціны» — на «паганятага жывёлы», «жвіровы» — на «гравійны», «брук» на «брусчатку» і «пас» — на «рэмень». Таксама паводле расійскіх аналагаў было прапанавана словы кшталту «Х-вобразны» замяніць на «Х-падобны».

Які з варыянтаў Правілаў — дзяржаўны ці ТБМ-аўскі выйдзе лепшым пакуль не зразумела. Аднак неафіцыйнымі будуць абедзве версіі. Паводле словаў Юрася Гецэвіча, ёсць ужо папярэдняя дамоўленасць з некалькімі выкладчыкамі мінскіх аўташкол, што яны па жаданні вучняў будуць выкладаць правілы на беларускай мове.

ЮУ

0
Кастусь / Адказаць
09.12.2011 / 13:58
Цікава, дзе ТБМ было 20 гадоў?! Няўжо схамянуліся толькі пасля таго як аналагічную працу зрабілі іншыя?
0
Kus / Адказаць
09.12.2011 / 14:45
Кастусю, не зусім так. ТБМ звярталася ў той цэнтр пры прэзідэнце і там сказалі, што пераклад яны рабіць не будуць і ТБМ зрабіла свой, і тут аказалася, што ў Цэнтры падманулі. Дзіцячы сад, карацей.
0
Вадзім / Адказаць
11.12.2011 / 00:09
Кастусь, а дзе быў ты? Падарваўся б ды зрабіў бы сам, ці натхніў бы каго, хоць з тых жа тэбээмаўцаў зь кім пазнаёміўся ды ў вушы ўвёў. Што ты сам зрабіў па гэтай справе, каб крытыкаваць? І толькі ня трэба, што ў іх - абавязак рабіць, а ў цябе - права языком/клавай ляскаць.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру