У нядзелю ў праграме «У цэнтры ўвагі» на тэлеканале «Беларусь-1» паказалі моташны рэпартаж, у якім Андрэя Саннікава і Змітра Дашкевіча прадставілі людзьмі на дне крымінальнага жыцця.

У відэа фігуруе актывіст праваабарончай арганізацыі «Платформа» Юрый Чыгілейчык. Ён сказаў, што ў Саннікава ўзніклі праблемы ў калоніі праз Дашкевіча.

Журналіст БТ (голас за кадрам) пайшоў далей і творча развіў гэтую ідэю.
Ён дайшоў да таго, што заявіў, што Саннікаў нібыта «добраахвотна ўвайшоў у камеру з «апушчаным» і «знаходзіцца «на самым дне» — такі «непрікасаемый». Далей ішлі інсінуацыі вакол таго, што палітыка іншыя зняволеныя абвясцілі персонай нон-грата. І ніякім аўтарытытам ён там не карыстаецца.
Такі матэрыял не мог з’явіцца без санкцыі цяперашняга кіраўніка БТ Генадзя Давыдзькі.
І трэба адзначыць, што ніколі раней такімі бруднымі прыёмамі БТ не карысталася — нават пры Чыкіну і Зімоўскім.
Пусціўшы перадачу з гэткімі фантазіямі — а тэлебачанне ў турмах глядзяць — лукашэнкаўцы разлічваюць ізаляваць Саннікава й Дашкевіча ад другіх вязняў, зрабіць іх жыццё ў калоніях невыносным.

На думку сваякоў палітвязняў, такім чынам лукашэнкаўцы помсцяць вязням за тое, што яны адмаўляюцца пісаць прашэнні аб памілаванні.

На відэа Чыгілейчык збіты, у яго апухлы твар. Яшчэ ў канцы лістапада праваабаронца Андрэй Бандарэнка заяўляў, што Юрыя моцна збілі ў міліцыі.

Раней жонка палітыка Ірына Халіп заяўляла, што да Андрэя Саннікава ў камеру спрабавалі падсадзіць чалавека з нізкім статусам. Але на пратэст палітыка яго адсадзілі.

Брудны рэпартаж БТ прагучаў у адной праграме з заявамі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што хутка Беларусь можа стаць «самай ліберальнай з дзяржаваў».
Тым часам стаўленне да вязняў у беларускіх турмах міжнародныя праваабрончыя арганізацыі прыраўноўваюць да катаванняў, якія лічацца злачынствамі супраць чалавечнасці.
Жонка Саннікава Ірына Халіп сказала «Нашай Ніве», што «БТ я не гляджу і іншым не раю».
Яна адзначыла, што «яе папярэджвалі, што зараз будуць імкнуцца ліць увесь бруд на яе».

Тэлефон нявесты Дашкевіча Насты Палажанкі на момант публікацыі гэтага матэрыялу быў недаступны.

* * *

Інтэрв'ю з Ірынай Халіп чытайце тутака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?