Аляксандр Лукашэнка сёння ў ходзе рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць даручыў ураду наладзіць у Беларусі эфектыўную сістэму па зборы і перапрацоўцы другаснай сыравіны.

«Адпаведная праграма павінна быць створана ва ўрадзе. Хопіць займацца шарлатанствам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Усё трэба распісаць, і давядзіце кожнаму рай- і гарвыканкаму, адміністрацыям гарадоў. Пара іх нагружаць гэтымі задачамі».

Размова аб неабходнасці навядзення вялікага парадку ў гэтым пытанні зайшла ў час наведвання Лукашэнкам папяровай фабрыкі «Спартак» у Шклове, на якой быў рэалізаваны інвестыцыйны праект па тэхнічнаму перааснашчэнню і рэканструкцыі. Новыя магутнасці прадпрыемства патрабуюць і вялікіх аб’ёмаў сыравіны, якой у тым ліку з’яўляецца макулатура.

Як далажыў яму старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Уладзімір Шульга, у 2012 годзе ў Беларусі плануецца сабраць 230 тыс.т макулатуры, у той час як патрэбнасць у ёй па галіне ў цэлым складае амаль 300 тыс.т у год. Паводле падлікаў, у Беларусі штогод утвараецца больш як 0,5 млн.т гэтай сыравіны. Такім чынам, першачарговая задача заключаецца ў неабходнасці павелічэння аб’ёмаў нарыхтоўкі макулатуры. Аднак, паводле слоў Уладзіміра Шульгі, не менш важныя таксама сарціроўка і ўпакоўка гэтай сыравіны. Цяпер у Беларусі макулатура ў асноўным здаецца навалам без раздзялення паперы па яе якасці. Урад прапануе перадаць функцыі па збору макулатуры новаму аператару — Мінжылкамгасу, таму што ў гэтага міністэрства ёсць неабходная база для гэтай работы.

«У будучым годзе трэба ў абавязковым парадку нарыхтаваць 300 тыс.т. Гэта не праблема, і па 50 тыс.т у першыя тры гады павінны дабаўляць. Гэта датычыцца і іншых напрамкаў», — даручыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што неабходна наладзіць эфектыўны збор другаснай сыравіны і па іншых напрамках, такіх як металалом, шкло. У якасці прыкладу паспяховай работы ў гэтым пытанні ён прывёў вопыт мінулых гадоў, калі ў тым ліку навучэнцы школ былі задзейнічаны ў гэтым працэсе.

«Мы збіралі вялікую колькасць і металалому, і макулатуры. Пара да гэтага вярнуцца. Таму павінна быць адпаведная праграма», — сказаў ён.

«Па другаснай сыравіне ў нас конь не валяўся», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы пры гэтым, што, напрыклад, у шэрагу заходніх краін з другаснай сыравіны вырабляецца значная доля прадукцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?