Доктар Дзмітрый Сайкоў стаў адным з сімвалаў беларускай барацьбы са шкоднымі схільнасцямі.
Ён паспявае не толькі лекаваць людзей ад алкагалізму, нікацінавай залежнасці, залішняй вагі і іншых заганных звычак і недахопаў, але і выступаць на ток-шоу, ствараць унікальныя медыцынскія праекты, і нават пісаць песні. А якую музыку слухае сам доктар Сайкоў?

«Любімых песняў надзвычай шмат — распавёў спадар Сайкоў НН. — Самі ведаеце, песня можа быць любімай пад настрой. Аднак я хачу назваць прынамсі дзве, якія люблю ўсё жыццё. Для мяне мае значэнне не толькі мелодыка (гэта само сабой), вельмі важны філасофскі сэнс песні.

Я вельмі люблю песню «Есть только міг». Гэта ідэальнае спалучэнне мелодыі і філасофіі.
Я не памятаю, хто яе спяваў першы, аднак мяне вельмі ўразіла гэтая песня ў выкананні гурту «Любэ».

Я вельмі люблю Уладзіміра Высоцкага, — працягвае Д.Сайкоў. — Ягоная

«Песня о друге» таксама ідзе са мной праз усё жыццё.
Тут справа не ў альпінізме, якім я ніколі не займаўся. Мне проста вельмі блізкія паняцці сяброўства, сяброўскае плячо. У мяне вельмі шмат сяброў. Гэтую песню перапявалі столькі разоў, у розных варыянтах, у яе з’яўляўся часам новы сэнс. Але гэта паказчык таго, што песня вельмі моцная, сапраўдная. Проста гэта песня пра жыццё.

Таксама мне вельмі падабаюцца беларускія гурты — «Песняры» і «Сябры», і я хачу расказаць адзін кур’ёзны выпадак. Мы з кампазітарам Святаславам Пазняком паляцелі на Кіпр, і ўжо на месцы даведаліся, што ў суседнім гатэлі жыве Анатоль Ярмоленка. Вырашылі ўбачыцца, аднак дазваніцца так і не змаглі. Вырашылі ісці шукаць на пляж.

А як мы даведаемся, дзе Ярмоленка на пляжы? Тады мы вырашылі ісці і спяваць «А я лягу-прылягу», а ён пачуе, і мы сустрэнемся.
І вось мы ідзем, спяваем — на нас азіраюцца, думаюць, відаць, што два п’яныя ідуць. Мы ўжо выходзілі з пляжа, зразумеўшы, што Ярмоленку так не знойдзем, і тут ля самага выхаду бачым, што ён ляжыць у навушніках і нас не чуе. Слухае нейкі ZZ Top — дакладна не беларускую эстраду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?