У Кобрынскім раёне знішчаны падпольны міні-завод па вырабе самагону і дзве тоны брагі.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Вайтовіч, супрацоўнікі міліцыі выявілі вытворчасць 10 снежня ў лясным масіве непадалёк ад пасёлка Арэхаўскі. Абсталяванне і самагонная брага знішчаныя.

Паводле слоў Вайтовіча, усяго з пачатку года ў Брэсцкай вобласці знішчаны 31 падпольны міні-завод па вытворчасці самагону і 257 стацыянарных самагонных апаратаў. З незаконнага абароту канфіскавана 189 тон самагону і самагоннай брагі, а таксама 32,7 тоны фальсіфікаваных спіртных напояў. Спынена 668 фактаў незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі.

Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС, меры па барацьбе з самагонаварэннем, п’янствам і алкагалізмам з’яўляюцца адным са складнікаў сістэмы прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў.

За 11 месяцаў гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года ў вобласці на 5,6% знізілася колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення; на 10,5% — асабліва цяжкіх злачынстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?