Усе білеты на канцэрты Мінскага міжнароднага каляднага опернага форуму ўжо раскупленыя. Пра гэта генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімір Грыдзюшка паведаміў 12 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, самыя танныя білеты на форум каштавалі 30 тысяч рублёў,

цана самых дарагіх дасягала 900 тысяч.
Гендырэктар тэатра ўдакладніў, што летась на некаторыя спектаклі форуму білеты «не былі раскупленыя так добра».
Сёлета Мінскі міжнародны калядны оперны форум стане пляцоўкай для прэм’еры трох спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета — «Снягуркі», «Аіды» і «Севільскага цырульніка».
«У нашых спектаклях разам з беларускімі салістамі будуць спяваць і оперныя зоркі іншых тэатраў», — патлумачыў Грыдзюшка.

Таксама ў межах форуму мінскія гледачы пачуюць «Травіяту» ў выкананні артыстаў маскоўскага Музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі і гала-канцэрт з удзелам зорак сусветнай оперы.

«Усе 10 краін — удзельніц гала-канцэрта прадстаўляюць тэатры, з якімі ў нас наладжаны партнёрскія адносіны і падпісаныя мемарандумы аб супрацоўніцтве. Усяго ў форуме бяруць удзел прадстаўнікі 15 краін», — адзначыў падчас прэс-канферэнцыі гендырэктар тэатра.

У сваю чаргу, галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ ацаніў праграму форуму як «вельмі цікавую». «Мы не будзем мяняць фармат гала-канцэрта, вырашылі замацаваць яго ў традыцыях вялікага акадэмічнага канцэрта», — расказаў Панджавідзэ.

Мінскі міжнародны калядны оперны форум пройдзе ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета з 15 па 20 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?