У той час як крызіс у Еўропе прымушае тамтэйшыя цэнтрабанкі рабіць крэдыты таннейшымі, беларускі Нацбанк прыняў чарговае рашэнне аб павышэнні стаўкі рэфінансавання. Нагадаем, учора паказчык, ад якога скачуць працэнты па крэдытах і ўкладах, зноў паднялі на 5%.

Цяпер у нас стаўка рэфінансавання 45%, а ў Еўропе — 1%.
Адпаведна растуць і цэны на крэдытныя грошы. Яшчэ ў мінулую пятніцу банкі прапаноўвалі крэдыты (напрыклад, спажывецкія на пластыкавую картку пад 50–70% гадавых, а некаторыя і пад 100%), але ўжо ў найбліжэйшы час працэнты папаўзуць уверх услед за стаўкай.

Натуральна, чым вышэйшы працэнт па крэдыце, тым большую суму трэба будзе кожны месяц аддаваць банку. А значыць, узрастуць і патрабаванні банкаў да патэнцыйных пазычальнікаў — праблемныя пазыкі і нявернутыя крэдыты нікому не патрэбныя.

«Камсамолка» вырашыла паглядзець, колькі грошай на розныя куплі беларускія банкі могуць пазычыць беларусу, які атрымлівае сярэднюю зарплату — 2,3 млн рублёў.

На кватэру: «Максімальная сума крэдыту — «0»!

Купіць кватэру на свае зберажэнні практычна нерэальна. Нават на аднапакаёўку ў сталічнай панэльцы з сярэдняга заробку трэба адкладаць 18,5 гадоў! Пры гэтым адкладаць трэба будзе ўсю зарплату да капейкі. Словам, крэдыт — добрая запамога ў вырашэнні кватэрнага пытання.

Саджуся абзвоньваць банкі, якія цяпер займаюцца крэдытаваннем нерухомасці.

— Разгляд заяўкі каштуе 750 тысяч рублёў. Максімальная сума, якую выдае наш банк па крэдытах на нерухомасць, — 1 млрд рублёў, — шчабеча супрацоўніца аднаго з камерцыйных банкаў. Натуральна, канчатковая сума для кожнага кліента будзе залежаць ад канкрэтнай зарплаты, а таксама таго, ці ёсць у вас іншыя крэдыты, якая сума першапачатковага ўзносу пры куплі кватэры.

У нашым выпадку на сярэднюю зарплату банк гатовы пазычыць дзесьці 20 мільёнаў рублёў. І гэта пры ўмове, што каля паловы кошту кватэры вы ўнесяце сваімі сродкамі.

У іншым камерцыйным банку прапанавалі пазычыць каля 25 млн рублёў. Гэтых грошай амаль хопіць на тры квадратных метры!

Заходжу на сайт яшчэ аднаго банка. У раздзеле «Крэдытны калькулятар» уводжу сярэдні даход крэдытаатрымальніка — 2,3 млн рублёў. Пасля секунднай паўзы атрымліваю адказ: «Прыбытак недастатковы для атрымання крэдыту».

Калькулятар у наступным банку ў графе «Максімальная сума крэдыту на куплю жылля» проста і катэгарычна напісаў «0».

На машыну: ездзіць давядзецца на 10-гадовым аўто.

З крэдытамі на машыны сітуацыя выглядае крыху лепш. Па-першае, іх пакуль яшчэ дае большасць банкаў. Аднак ўладальніку сярэдняй зарплаты па краіне на куплю новай машыны разлічваць не варта.

— Пры зарплаце ў 2,3 мільёна рублёў, максімальная сума крэдыту складзе каля 47 млн рублёў, — падлічылі ў адным з камерцыйных банкаў, якія крэдытуюць куплю аўтамабіляў. — Штомесячны плацеж — 1,9 млн рублёў.

Цэны на машыны ў нас па-ранейшаму толькі ў валюце. Атрымліваецца, што на гэтую суму можна купіць аўто недзе за 5,6 тыс. даляраў. У аўтасалон з такімі грашыма хадзіць не мае сэнсу. А вось карыстаны аўтамабіль нагледзець можна. Гэта будзе, напрыклад, «Форд Фокус» 1999 года выпуску, «Опель Амега» 1998 года або нават «Пежо 306» 2000 года выпуску. Пасля выплаты крэдыту на жыццё будзе заставацца толькі 400 тысяч рублёў. Хопіць на 70 літраў бензіну. Так што далёка на такім крэдытным аўто не з’едзеш.

Дарэчы, бяда цяперашніх аўтакрэдытаў у тым, што банкі часта выдаюць грошы не на рукі (ці картку), а пераводзяць па безнаяўным разліку на рахунак прадаўца.

Гэта значыць купіць машыну з рук не заўсёды атрымаецца.

— Калі вы збіраецеся набываць аўтамабіль у фізічнай асобы, то 20% ад кошту трэба ўнесці сваімі грашыма, — прапанавалі варыянт у іншым банку. — Стаўка па крэдыце будзе 51% гадавых. Яна прывязаная да стаўкі рэфінансавання. Максімальная сума — каля 32 млн рублёў. Штомесячны плацеж складзе каля 1,4 млн рублёў.

Дарэчы, крэдыты на аўто ў многіх банках завязаныя менавіта на стаўку рэфінансавання, гэта значыць плацяжы па іх могуць змяніцца.

На спажывецкія выдаткі: пераплата можа быць у два разы большай за тое, што вам пазычылі.

Выгада спажывецкіх крэдытаў сёння вельмі сумнеўная. Вось просты разлік: у адным з камерцыйных банкаў чалавеку з сярэдняй зарплатай у 2,3 млн рублёў на куплю ноўтбука (тэрмін — паўгода) могуць прапанаваць у доўг 4 млн рублёў. Кожны месяц трэба будзе аддаваць банку каля 780 тысяч рублёў.

Паводле разлікаў партала InfoBank.by пераплата па спажывецкіх крэдытах можа быць большай за палову сумы крэдыту ў год! Напрыклад, бераце у доўг 5 млн рублёў (на куплю бытавой тэхнікі або святкаванне Новага года), а аддасце банку ад 2,5 млн да 4,5 млн рублёў звыш гэтай сумы.

Ды і пазычыць чалавеку з сярэдняй зарплатай банкі цяпер могуць няшмат. Максімум, на які можна разлічваць, 8–10 млн рублёў, то бок тысяча даляраў. Ні на рамонт, ні на куплю мэблі такіх грошай не хопіць. Пры гэтым кожны месяц трэба будзе аддаваць банку каля 1 млн рублёў.

Як даведацца, колькі насамрэч каштуе крэдыт?

Наогул па законе поўную працэнтную стаўку банкі павінныя назваць свайму кліенту. Але зусім не абавязаныя адразу заяўляць іх у рэкламе.

Некаторыя банкі нават у рэкламе на сайце адразу пішуць, колькі каштуе крэдыт з улікам усіх камісій і плацяжоў. Адсюль і стаўкі, якія палохаюць сваімі памерамі — у раёне 80–100% гадавых.

А вось на стаўкі, ніжэйшыя за стаўку рэфінансавання, варта звярнуць пільную ўвагу.
Напрыклад, вы бачыце стаўку 25% гадавых. Амаль задарма! А цяпер глядзім на штомесячную камісію. Дапусцім, яна складае 3% ад усёй сумы крэдыту. Памнажаем гэтую лічбу на 12 месяцаў і дадаем працэнтную стаўку па крэдыце. Выходзіць, эфектыўная стаўка будзе мінімум 60%. Гэта значыць, у 4 разы больш за тое, што банк заявіў першапачаткова. Чым большы тэрмін крэдыту, тым большай будзе поўная стаўка.

На што звярнуць увагу, калі вы наважыліся ўзяць крэдыт цяпер.

— Асабліва ўважлівымі да штомесячных плацяжоў трэба быць пры атрыманні крэдытаў на машыны і кватэры, — рэкамендуе аналітык партала Info. Bank.by Кацярына Смірнова. — 

Сумы па такіх крэдытах значныя, тэрміны працяглыя, таму нават маленькая камісія можа ў выніку выліцца ў вялікую пераплату.

Акрамя таго, чым хутчэй банк прымае рашэнне і выдае крэдыт, чым менш ён патрабуе дакументаў і даручальнікаў (або наогул не патрабуе), тым больш высокай будзе поўная працэнтная стаўка і тым даражэйшым будзе крэдыт. Выключэннем з гэтага правіла могуць быць овердрафтныя крэдыты да заробкавых картак.

Таксама неабходна звяртаць увагу на тое, якім спосабам вам прапануюць пагасіць крэдыт — ануітэтным плацяжом (калі сума штомесячнага плацяжу заўсёды будзе аднолькавай), або памер плацяжу будзе паступова памяншаецца. Пераплата па крэдыце ў першым выпадку будзе адназначна большай, чым у другім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?