Пару дзён таму ў блогу была зьмешчана гісторыя пра эстонскую дыктарку, якая пераўпарціла камуністычную цэнзуру.

Гэта быў фрагмэнт з запісаных мною для этэру "Свабоды" ўспамінаў нашай славутай дыктаркі Зінаіды Бандарэнкі.

І я вось падумаў: неяк несправядліва атрымліваецца! Бо сама Бандарэнка ў цені апынулася.

А між тым яна на маскоўскай тэлевізіі (куды за савецкім часам запрашалася на сьвяточныя канцэрты) здолела так віртуозна перайсьці на "забароненую" беларускую мову, што цэрбэры нават і прычапіцца потым не змаглі.

Карацей, чытайце яшчэ адзін сюжэт з вуснаў Зінаіды Бандарэнкі.

"...Заўжды можна знайсці выйсьце нават у самых неспрыяльных варунках.

Аднойчы на Цэнтральнай тэлевізіі ў Маскве я доўга адбівалася ад загаду чытаць расейскамоўны пераклад Броўкі. І ў рэшце рэштаў здолела пераканаць маскоўскую рэдактарку, каб замест яго ў сьвяточнай тэлепраграме прагучалі па-беларуску радкі Анэлі Тулупавай.

Дык вось, прайшоў год — зноў прыязджаю ў саюзную сталіцу на запіс чарговай сьвяточнай імпрэзы.

Тая самая рэдактарка — Нона Несьцяроўская — са слязамі ў голасе скардзіцца. Кажа — атрымала празь цябе летась вымову! Бо з дыктараў 15 рэспублік адна ты такая разумніца знайшлася, што чытала на сваёй мове. І гэта палічылі палітычна некарэктным.

Карацей, рэзюмуе Нона Данілаўна, такі нумар болей ня пройдзе. Будзеш, любачка, чытаць па-расейску. Таго самага Броўку ў перакладзе!

А я яго падрыхтавала ўжо на беларускай мове. І тут — забарона. Што рабіць?

Тэлефаную ў Менск Анэлі Тулупавай. Гэтая таленавітая паэтка, сьветлая ёй памяць, не аднойчы пісала вершы адмыслова дзеля маіх выступаў. Між іншым, яна колісь працавала дыктаркай на віцебскай абласной тэлевізіі. Так што мы адна адну з паўслова разумелі.

Дык вось, тэлефаную дадому Тулупавай. Чую:

— А яна акурат у Маскве, у Літаратурным інстытуце.

Даюць мне нумар ейнага маскоўскага тэлефона.

Набіраю яго ўначы, бо час не трывае. Пераказаўшы сытуацыю, пытаюся:

— Што будзем рабіць?

Яна толькі ўдакладніла:

— А які калектыў з табой?

Тым разам пасьля маёй вершаванай прадмовы меўся выйсьці на сцэну музычна-харэаграфічны ансамбль "Сьвята". Пра што я Анэлі і паведаміла.

Яна зноў ўдакладняе:

— Добра, колькі дзён даеш?

Ад сілы суткі, кажу.

Яна сядзела да раніцы. Я ж падчас рэпэтыцыі хадзіла з кута у кут, чакаючы замоўлены верш.

Анэля прадыктавала мне яго праз тэлефон. Кажа: пісала хутка, таму, калі што падасца ня так, — сама пераробіш.

І сапраўды, прабеглася я па радках, тое-сёе падкарэктавала.

Імчуся да рэдактаркі, дакладаю: ёсьць выдатны верш пра Беларусь — і, як вы хацелі, на расійскай мове.

Пачынаю дэклямаваць — і атрымліваю згоду.

Так яно і пайшло потым у этэр.

Паслухайце.

Над тропинкой, васильками вышитой

Солнце красной ягодой алеет.

Беларусь — и сразу вы услышите

Жаворонка звонкую жалейку.

Ясный день над полем, над борами,

Солнца луч купается в воде.

Называем мы друзей своих сябрамі,

Говорим мы всем при встрече "Добры дзень!".

Добры дзень вам, людзі, шчасьця ў хату,

Калі ласка, запрашаем вас —

На "Сьвята"!

На сцэне — беларускі вакальна-харэаграфічны ансамбль "Сьвята"!

Як вы зразумелі, у вершы быў замаскаваны плаўны пераход на беларускую мову. І атрымалася так удала, што абышлося без вымоваў. А зала на канцэрце доўга пляскала ў далоні.

Вось так ва ўсесаюзным этэры мы здолелі з савецкага "праздника" зрабіць сваё сьвята".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0