Суседзі намесніка міністра ўнутраных спраў міліцыі Яўгена Полудня распавялі падрабязнасці яго затрымання.
Намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Яўген Полудзень быў узяты пад варту ў канцы мінулага тыдня. Яго вінавацяць у злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.
Блізкія палкоўніка пакуль знаходзяцца ў стрэсавым стане і журналістам не адказваюць (у лукашэнкаўскай сістэме адкрытасць са СМІ можа каштаваць дорага). Але суседзі Яўгена Полудня распавялі, што падчас затрымання палкоўніка амаль цэлую ноч у вокнах ягонага дома гарэла святло, а ўвечары каля плота дзяжурыў мікрааўтобус з узброенымі людзьмі.
Яўген Полудзень жыве ў прыватным доме на ўскраіне Менска, палову якога, па словах суседзяў, набыў больш за дзесяць гадоў таму.
«Машын панаехала сюды шмат, хлопцы з аўтаматамі з мікрааўтобуса не выходзілі, — расказвае сусед Полудня. — Спачатку падумаў, што гэта міліцэйскія справы, а потым пачуў навіну, што палкоўніка, аказваецца, затрымалі…»
Яўген Полудзень быў затрыманы ў канцы мінулага тыдня. У дачыненні да яго абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Справа распачатая 8 снежня па ч.3 арт.424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). «Генеральнай пракуратурай створана следчая група, праводзіцца расследаванне», — адзначылі ў ведамстве.
Ураджэнец вёскі Жытомля. што ў Гродзенскай вобласці, Яўген Полудзень стаў намеснікам кіраўніка МУС — начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі ў 2009 годзе.
Ён асабіста камандаваў разгонам многіх мітынгаў і дэманстрацый.