Вокладка нумара, прысвечанага фальсіфікацыям.

Уласнік расійскага выдавецкага дома «Коммерсантъ» бізнэсовец Алішэр Усманаў звольніў генеральнага дырэктара холдынга Андрэя Галіева і галоўнага рэдактара часопіса «Коммерсантъ-Власть» Максіма Кавальскага.

Прычына, па словах Усманава, — парушэнне журналісцкай этыкі, якое «мяжуе з дробным хуліганствам». У апошнім нумары часопіса, цалкам прысвечаным расійскім выбарам,

на фота да артыкула «Яблычны пуй» была выява бюлетэня з напісанай на ім лаянкай на адрас Пуціна. Аднак, на думку многіх у Расіі, гэта толькі дачэпка.
Справа ж у тым, што часопіс адкрыта напісаў пра фальсіфікацыю выбараў партыяй Пуціна.

Звольнены Максім Кавальскі, які адпрацаваў у часопісе 12 гадоў, не шкадуе, што змясціў тое фота:

«У мяне ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што я рабіў усё правільна, і я не шкадую, што апошні нумар часопіса быў менавіта такі», адзначыў ён у каментары НТВ.

Следам у адстаўку падаў і гендырэктар ВД «Коммерсантъ» Дзям’ян Кудраўцаў. Ён выбачыўся перад чытачамі ў сваім блогу «за тое, што яны пабачаць у 49-м нумары часопіса».

Найпапулярнейшы блогер Расіі drugoi ахарактарызаваў сітуацыю ў «Коммерсанте» словам «разгром».

Выдавецкі дом «Коммерсантъ» быў утвораны ў 1988 г. на грунце штотыднёвіка «Коммерсантъ».

Належаў Беразоўскаму і Бадры Патаркацышвілі, а пасля быў перакуплены блізкім да «Газпрама» Усманавым.

Выдае газеты «Коммерсантъ», «Коммерсантъ-Украіна»; часопісы «Деньги», «Власть», «Огонек» і інш. Таксама ў холдынг уваходзяць адзін з найпапулярнейшых навінных сайтаў Расіі Газета. Ru і яго рэгіянальныя дадаткі, інфармацыйная FM-радыёстанцыя ««Коммерсантъ FM» і інфармацыйны тэлеканал «Коммерсантъ ТВ».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?